Warning: Illegal string offset 'name' in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/core.php on line 148

Strict Standards: Declaration of AdsStaticFilter::showStatic() should be compatible with StaticFilter::showStatic($staticID, $SQLstatic, $tvars, $mode) in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/extras/ads/ads.php on line 22

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 82

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 154

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 517
Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура : Публіцыстыка : З доляй мужыка – праз мяжу стагоддзяў
       

Навіны і дзеі

Пра нас

Нашы кнігі-2013

Нашы кнігі-2012

Нашы кнігі-2011

Нашы кнігі-2010

Нашы кнігі-2009

Нашы кнігі-2008

Нашы кнігі-2007 і ранейшыя

Проза

Паэзія

Публіцыстыка

Крытыка

Прэмія Калесніка

Лаўрэаты Прэміі

Конкурс юных аўтараў

Наш фотаальбом

 


 
НОВЫЯ КНІГІ
 

-- --




З доляй мужыка – праз мяжу стагоддзяў
Публіцыстыка

Мікола ПАНАСЮК,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Алякесей СкакунПачатак новага 2012 года – Года кнігі – парадаваў шчодрым ураджаем: у рэспубліканскім выдавецтве “Літаратура і мастацтва” ўбачыла свет дакументальная аповесць вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага “Мужык”. У кароценькай, але інтрыгуючай прадмове да яе лётчык-касманаўт СССР, двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук зазначае: “Яна пра беларуса-мужыка, але не таго цярплівага і забітага працай “пана сахі і касы”, за якога некалі заступіўся народны паэт Беларусі Янка Купала. Кніга Уладзіміра Ліпскага “Мужык” – пра нашага сучаснага мужыка, які навукай і самай перадавой тэхнікай здабывае хлеб. Аповесць гэта пра знакамітага беларускага аграрніка Аляксея Сцяпанавіча Скакуна, які ў сваёй гаспадарцы “Астрамечава” зрабіў казку быллю, пераўтварыў адвечныя мары нашых продкаў-сялян у зямны рай”.

Сам жа герой аповеду, ураджэнец вёскі Дастоева Іванаўскага раёна, цвёрда ўпэўнены, што настаў час, калі трэба разбудзіць у кожным з нас “спячую пупышку”, каб яна стрэльнула жыватворным парасткам. Селянін – кармілец дзяржавы, корань нацыі, яе плоць і ядро душы. Дык чаму ж не даць яму волю, каб ён, селянін-мужык, і вольны, і творча працаваў, і дастойна, па заслугах атрымліваў за сваю гаспадарчую разваротлівасць?Якраз гэтыя развагі аб самым набалелым, аб самым запаветным у жыцці нашага знакамітага земляка і сталі для пісьменніка завязкай твора ў выглядзе сямі пытанняў да свайго героя. Найпершае з іх: “Хто ён, сённяшні мужык Аляксей Скакун, які так смела заступаецца за селяніна?” Сапраўды, хто ён?..

Ужо з першай старонкі аўтар дакументальнага твора здолеў заінтрыгаваць чытачоў. І тымі ж пытаннямі да свайго героя, і той жа колькасцю яго перыядаў жыцця. Уладзімір Ліпскі, як цікавы апавядальнік, здолеў іх падлічыць, надаць гэтай лічбе глыбокі сімвалічны змест. “Бачыце, сем – магічная лічба. Ёй я і пакарыстаўся, калі пісаў аповесць пра Аляксея Сцяпанавіча Скакуна. Партрэт яго выпісаны на сямі палетках жыцця. Як бы на іх апусціліся сем колераў нябёснай вясёлкі. Толькі яны, тыя колеры-фарбы ў майго героя – свае, адметныя, непаўторныя. Як і ўсё яго жыццё”, - не без захаплення піша аўтар пра мужыка ўжо новага, XXI стагоддзя.

Яго ж першым палеткам стаў палетак даўніны – Скакунова крыніца. Яго эпітэтам – афарызм сусветна вядомага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага: “Толькі працай і барацьбой дасягаецца самабытнасць і пачуццё ўласнай годнасці”. І зноў інтрыгуючы момант у той жа завязцы твора: “…з бацькоўскай хаты Аляксея Скакуна бачны ўзгорак, дзе некалі стаяў маёнтак дваран Дастаеўскіх. Дык чаму б гэтую кароткую дарогу не асвятліць промнямі генія Фёдара Дастаеўскага? Чаму б не пашукаць і ў занятку нашага героя, дастоеўцы Скакуна, свае адметныя вартасці, сваю паэзію сялянскай працы?” І каб гэта найбольш пераканаўча здзейсніць, аўтар аповеду вырашыў зазірнуць у дастоеўскі след Дастаеўскіх, у далёкі 1452 год, калі згаданая вёска ўпершыню ўпамінаецца ў складзе Пінскага княства.

Пісьменніка-дакументаліста асабліва зацікавіў дакумент, выдадзены пінскім князем Фёдарам Яраславічам. Паводле гэтай граматы, менавіта ён падарыў Данілу Іванавічу Ірцішчавічу некалькі дворышчаў – у вёсках Дастоева, Востраў, Полкацічы, Парэчча і Моладава. Такім чынам Ірцішчавічы пасяліліся ў абжытай мясціне, сярод найбольш паважаных і дастойных людзей, якіх пінскі князь сяліў у Дастоеве. Неўзабаве і самі Ірцішчавічы пачалі называць сябе Дастоеўскімі, а заадно і пісаць гэтак у дакументах. Адсюль пайшоў род, які потым найбольш уславіў Фёдар Дастаеўскі, што нарадзіўся ўжо ў Маскве, у сям’і лекара.

Адначасова пісьменніка цікавяць і такія пытанні: адкуль, калі з’явіліся ў Дастоеве Скакуны, хто з іх пачынальнік роду, бо, паводле яго слоў, у мужыкоў біёграфаў не было. Яны часам не ведалі свайго дня нараджэння, а ў спадчыну перадаваліся толькі мазольная праца, найбольш значныя ды агульныя звесткі аб нялёгкім сялянскім жыцці. І гэтак з веку ў век, з роду ў род. І ўсё ж Уладзіміру Ліпскаму пашанцавала адшукаць Скакунова радаслоўнае дрэва – ад каранёў у сёмым калене да магутнай кроны з шырокімі галінамі ды сакавітым лісцем. А дапамаглі яму ў гэтым кандыдат філалагічных навук Галіна Аляксееўна Скакун, аднавяскоўцы з Дастоева, гістарычныя архівы.
Займальна аднавіў мастацкімі сродкамі аўтар твора і першы дзень вясны, дарэчы, у Божую пятніцу, калі род Скакуноў абагаціўся хлопчыкам, якога тут жа, у сялянскай хаце, ахрысцілі Аляксеем.

Вось толькі невялічкі абразок, які сведчыць аб тым, што дакументальны твор памерам у 216 кніжных старонак з фотаілюстрацыямі напісаў сапраўдны майстар мастацкага слова. Маецца на ўвазе самы адказны, а заадно і трапяткі момант у жыцці вясковай сям’і, калі роды ў цяжарнай жанчыны прымае “народная акушэрка” – бабка-павітуха. Такой у суседняй Вульцы ў пасляваенны час была бабуля Зайчыха, якая ведала шмат народных прыказак і прымавак, мела сваіх сямёра дзяцей. Вось і ў той дзень, калі ў Скакуноў нарадзіўся хлопчык, “першай яго благаславіла павітуха. Яна спаласнула немаўля ў начоўках з цёплай вадой, перавязала пупавіну, адрэзала яе, прамовіла:
- Хто ў пятніцу нарадзіўся, той да ўсяго згадзіўся.
Зайчыха мела звычку прыкладваць нешта да пупавіны, верыла, што гэта вызначала далейшы лёс дзіцяці. Прыкладзе серп – вырасце жняёй вопытнай, прыкладзе грошы – будзе багаты. Да пупавіны Алёшкі павітуха прыклала тое, што было пад рукой, што ляжала на стале – аловак і скібку печанага хлеба, прагаварыла:
- Хай жа ваш сынок, Вера і Сцяпан, з розумам здабывае хлеб!
Зайчыха, добрая душа, пацалавала хлопчыка, спавіла і перадала Веры дарагі скарб.
- Беражы! Гадуй, вырасці заступніка зямлі!.. Мужыка не кажух грэе, а сякера. Не будзе аратага, не будзе і багатага…”
Вобразны выклад канкрэтных жыццёвых фактаў, іх абагульненне – бадай, найпершы творчы набытак пісьменніка, на які хачу звярнуць увагу нашых чытачоў. А гэта – мудрасць, дасціпнасць беларускіх народных прыказак і прымавак, іх яркія ды жывыя фарбы. Вось і бабка-павітуха, едучы з Вулькі ў Дастоева “на калёсах” з дзедам Васілём, яго ж і падганяе: “Гані каня, не шкадуй, бо роды не выбіраюць пагоды”.

Так 1 сакавіка 1946 года ў бацькоў Веры і Сцяпана, у хаце дзеда Васіля, нарадзіўся Лёша Скакун з крыху загадкавым, але гучным прозвішчам. З гэтай нагоды дапытлівасць пісьменніка-дакументаліста не мае межаў. У першую чаргу пасля народзін свайго героя яго цікавіць: ну, які далёкі продак падарыў яму, Аляксею, такі “пашпарт”? У чым яго вытокі? Што перадалося Скакуну з гэтым прозвішчам? І, уважліва выслухаўшы многіх вяскоўцаў, робіць наступны вывад: відавочна, што старажытная прафесія Скакуноў звязана з канём – вернай рабочай сілай мужыка, асноўным рухавіком яго працы, абароны, жыцця.

Цяпер яму, ужо не дастоеўскаму хлопчыку, а паважанаму Аляксею Сцяпанавічу Скакуну, - 66. Ён найперш – старшыня СВК “Астрамечава” Брэсцкага раёна, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, кандыдат эканамічных навук…
Гэты прамежак часу Уладзімір Ліпскі вымярае не пражытымі гадамі – ад нараджэння да сталасці, а сямю палеткамі: палеткам жоўтай даўніны, палеткам зялёнага юнацтва, палеткам аранжавых надзей, палеткам чырвоных пошукаў, палеткам сіняй сініцы, палеткам фіялетавых трывог і палеткам блакітнага космасу. І на кожным з іх пісьменнік заўважыў тое, чаго не змог адшукаць ніхто з яго калег. Доказна, па-мастацку выверана сапраўдны майстар слова паказвае, як беларускі мужык, некалі “пан сахі і касы”, уздымаецца да вяршынь навукі і новых земляробчых тэхналогій, з якой любоўю шчыруе на родных палетках.

Аляксей Скакун не збег з пасляваеннай вёскі, калі ўсе валам ляцелі на гарадскі асфальт, а хацеў працаваць у ёй, каб да баразёнкі ўзараць зямельку, каб да травінкі скасіць сенажаць, каб да зярнятка абмалаціць колас. Хацеў, каб у кладоўцы мука напаўняла бочкі, каб у кубельцы ляжала сала, каб кумпяк закопчаны вісеў, а гуркі ды грыбы засоленыя ў дзежках стаялі. Натуральныя і самыя запаветныя жаданні вясковага мужыка! І тут патрэбна быць яшчэ і акуратным, і добрым, і ашчадным, і рухавым. Аляксей Скакун вучыўся гэтаму з самага маленства. А таксама ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, калі працаваў у калгасе “Маладая гвардыя” Іванаўскага раёна (ужо з дыпломам аб вышэйшай адукацыі) галоўным заатэхнікам, дняваў і начаваў на ферме…

Гэта цяпер ён, Аляксей Скакун, да таго ж яшчэ і член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ з 2000-га года, нарэшце, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, а тады, пад час працы ў “Маладой гвардыі”, было зусім іншае. Аляксей і яго Валянціна, жонка-красуня, завялі сваю гаспадарку – набылі курэй, качак ды двух парсючкоў. Аднаго гадавалі для сябе, а другога – на продаж: вырашылі будаваць уласны дом. Сямейную буслянку збівалі з любоўю, няспешна. З гэткай жа любоўю Уладзімір Ліпскі піша і пра сваіх маладых герояў, піша праўдзіва і займальна. Аўтар гэтых радкоў сам у той час працаваў у Іванаўскай раённай газеце, дзе ўпершыню ў яе рэдакцыі і пазнаёміўся з Аляксеем Скакуном. Пасля той незабыўнай сустрэчы калгасны спецыяліст, а потым і намеснік старшыні праўлення гаспадаркі, пачаў знаходзіць час, каб актыўна супрацоўнічаць з “раёнкай”. Фотаздымкі, зробленыя нашым няштатным карэспандэнтам, прыцягвалі ўвагу чытачоў сваёй непасрэднасцю, арыгінальнасцю і майстэрствам. Так мы пасябравалі, і на-заў-сё-ды!

Неўзабаве Валянціна нарадзіла першае немаўля – дачку назвалі Эмай. І ў гэтым аўтар дакументальнай аповесці “Мужык” знаходзіць значнасць урачыстай падзеі, якая адбылася ў жыцці Скакуноў ужо маладога пакалення. Нараджэнне дзіцяці надало мужу і жонцы новы статус. Іх жыццё скіравалася ў бок лёсу пакуль яшчэ бездапаможнага “буслянятка”, яго будучыні. Пасля на свет з’явіўся сын Андрэйка…

Яшчэ больш значнай старонкай жыцця Аляксея Скакуна стала старшынёўства ў калгасе “Дружба”. Першы працоўны дзень у ім супаў з днём нараджэння. Было гэта 1 сакавіка 1975 года. Такі немалаважны факт Уладзімір Ліпскі прыпадносіць чытачам зноў жа як сапраўдны творца: “Новаму, пятнаццатаму старшыні калгаса ў Сачыўках, споўнілася дваццаць дзевяць гадоў. У гэты дзень ён прымаў справы ў старшыні Варашылава, пры якім гаспадарка апусцілася на апошняе месца ў раёне, стала адстаючай па ўсіх паказчыках вытворчасці.

Дасціпныя вяскоўцы з гэтай нагоды “спяклі” новы жарт:
- Сам “маршал” Варашылаў не разварушыў мужыкоў. Прыскакаў Скакун – па ўсіх калгасах гарцун”.
А ён, гэты самы “гарцун”, так узяўся за калгасныя справы, што неўзабаве аб ім з пахвалой загаварылі на шматлікіх вытворчых нарадах самі людзі. Менавіта за ўзнясенне “Дружбы” на раённую арбіту гаспадарцы ўручылі пераходны Чырвоны сцяг Брэсцкага абкама партыі і аблвыканкама, а старшыні калгаса – Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР. Так пачынаўся яго шлях да прызнання, які вельмі часта быў кувыркастым, а праца – потнай і бяссоннай, вытрымка – жалезнай, вера – надзейнай. Нельга не пагадзіцца з пісьменнікам і ў тым, што да любых выпрабаванняў Аляксей Сцяпанавіч меў гатоўнасць, бо ў характары выпрацаваў тры асноўныя якасці: хацеў, мог і ўмеў працаваць на зямлі. Праз пяць гадоў яго, старшыню ў мінулым “хвастатага” калгаса, прызначылі начальнікам сельгасупраўлення Іванаўскага райвыканкама, але і тут Аляксей Сцяпанавіч доўга не затрымаўся…

А вось усеагульную і вельмі дакладную ацэнку Мужыку з вялікай літары ды ў самым шырокім сэнсе гэтага слова выставіла ў сваім вершы-прысвячэнні вядомая паэтэса, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова:

Дол мятаю і рутаю настоены,
туман над лугавінай, што паркаль…
Шлях пачынаўся з вёсачкі Дастоева,
цяпер па шырыні ён – магістраль!
Як водарна ад мёду і ад печыва!
Збіраюць люд палескі кірмашы,
дзе залацінкай ззяе Астрамечава,
дзе плён – для сэрца,
радасць – для душы!
Зайграе ранак на сваёй жалейцы,
узыйдзе промняў сонечная раць.
О! Як глядзяцца гожа берасцейцы,
і гэтае красы ў іх не адняць.
У плыні дзён няўтомных і няспынных
бы з залатога выткуцца руна
і песні ўсе, і слоў высокіх гімны
у гонар Аляксея СКАКУНА!
(16 февраля 2012)  

 Добавление комментария:
 
Имя:
Пароль: (если зарегистрирован)
Email: (обязательно!)

теги форматирования

добавить смайлы
 
 
 
АСАБІСТАЕ
   
 
Copyright © 2007-2008 Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура  
БЕЛАРУСКАЯ ПЭЗІЯ БЕЛАРУСКАЯ ПРОЗА