Warning: Illegal string offset 'name' in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/core.php on line 148

Strict Standards: Declaration of AdsStaticFilter::showStatic() should be compatible with StaticFilter::showStatic($staticID, $SQLstatic, $tvars, $mode) in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/extras/ads/ads.php on line 22

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 82

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 154

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 517
Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура : Публіцыстыка : У Беласток ...па беларускасць?
       

Навіны і дзеі

Пра нас

Нашы кнігі-2013

Нашы кнігі-2012

Нашы кнігі-2011

Нашы кнігі-2010

Нашы кнігі-2009

Нашы кнігі-2008

Нашы кнігі-2007 і ранейшыя

Проза

Паэзія

Публіцыстыка

Крытыка

Прэмія Калесніка

Лаўрэаты Прэміі

Конкурс юных аўтараў

Наш фотаальбом

 


 
НОВЫЯ КНІГІ
 

-- --




У Беласток ...па беларускасць?
Публіцыстыка

Размовы пра мову і вакол мовы

Валерый ГАПЕЕЎ

Вы ведаеце, што хаваецца за абрэвіятурай АББА? Не, гэта не той вядомы напрыканцы мінулага стагоддзя ансамбль з чатырох спевакоў. Гэта другое. Паслухайце, як гучыць: “Аб’яднанне бацькоў, беларушчынай апантаных”. Дзеці бацькоў, якія ўваходзяць у гэтае аб’яднанне, маюць і без кроплі ніякаватасці носяць майкі з гэтай абрэвіятурай. І з задавальненнем расказваюць, калі ў іх пытаюцца пра дзіўнае, на першы погляд, напісанне яе. Такая арганізацыя існуе ў Беластоку, у Польшчы. І аб’ядноўвае многія дзесяткі бацькоў…

Даўно ўстанавіў для сябе правіла: ніколі не пісаць нешта па гарачых слядах, калі эмацыянальная частка перавешвае інфармацыйную. І вось ужо колькі часу мінула з той паездкі ў Беласток, але да гэтай пары стаяць у вачах такія непасрэдна шчаслівыя дзеткі на сцэне, гучаць у вушах іх галасочкі.
Колькі часу таму ў Брэсцкае абласное аддзяленне саюза пісьменнікаў Беларусі прыйшло запрашэнне ад Культурнага цэнтра Беларусі пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Польшчы наведаць іх з візітам. Умовы прабывання дазволілі адправіцца невялікай дэлегацыяй: старшыня абласнога аддзялення Анатоль Крэйдзіч (празаік, галоўны рэдактар Іванаўскай райгазеты), Георгій Тамашэвіч (паэт, публіцыст, старшыня абласнога аддзялення Саюза журналістаў Беларусі), Анатоль Шушко, паэт з Пінска, і аўтар гэтых радкоў.
Мяжу мы перасякалі на аўтамабілі пасольства, таму асаблівых затрымак не было.

Буду шчырым: тое, што мы за мяжой, заўважылася неяк адразу. Па-першае – вузкая дарога, хоць і добрая, асфальтаваная. Вузкая настолькі, што размінуцца толькі дзвюм машынам. Па-другое, за акном малюнак быў хоць і звычны: тыя ж пералескі, лес, вёскі літаральна ж такія, тым не менш… То жыта, то бульба, то буракі, то рапс – зусім не шырокімі палоскамі. Прыватная зямля…
Праязджаем вялікае паселішча, кшталту гарадскога пасёлка. Зрэшты, усё як і ў нас: тут табе і заможныя сядзібы, і звычайныя хаты. А вось вока чапляецца за высокую траву між дарогай і тратуарам – яе не касілі з пачатку росту. Прывыклі вочы да свайго? Зноў дарога скрозь поле, і цяпер ужо муляць вока ўзбочыны – неабкошаныя.

Беласток не ўразіў. Хіба што велічны касцёл – помнік архітэктуры. Горад як горад, падобны на наш Брэст. Што нязвычна – безліч рэкламных плакатаў на будынках. Вось і думай – аптэка перад табой, ці гэта толькі рэклама новага сродку супраць перхаці…
Далей ад цэнтра таксама трапляюцца някошаныя газоны, высокая трава. Слухаем тлумачэнне: у Беластоку за парадак ад дома да сярэдзіны дарогі нясе адказнасць уласнік дома. Не ўсе аднолькава адносяцца…
А яшчэ ў Беластоку мала сметніц. Так, дробязь, але калі трэба выкінуць недакурак – шукаеш вачыма доўга і дарма. Нават ля ўвахода ў магазін, на прыпынку грамадскага транспарту – далёка не ўсюды.

Культурны цэнтр у Польшчы пры пасольстве Рэспублікі Беларусь працуе зусім нядаўна. Мэта яго простая і зразумелая: дапамагаць і каардынаваць работу розных арганізацый этнічных беларусаў. Беласточчына – ці не на тры чвэрці складаецца з беларусаў.
Што праўда, то праўда: нехта з беларусаў паспеў пабыць і палякам, і украінцам, і нават грузінам. Кан’юнктура…

Арганізацый, у якіх аб’ядноўваюцца беларусы, досыць многа. Тут трэба аддаць належнае Польшчы: грамадскія аб’яднанні беларусаў падтрымліваюцца дзяржавай і фінансуюцца. Няхай гэта і не так проста, няхай не ў той меры, як хацелася б, але, як кажуць, грашыць тут дарэмна.
Іншая справа – самі арганізацыі. Калі Беларускае грамадска-культурнае таварыства існуе з 1956 года, то вакол “Нашай Нівы” і радыё “Рацыя” пэўныя аб’яднанні сфарміраваліся пазней. І – непаразуменні ёсць.

Справа ў тым, што тое ж таварыства ў сваёй дзейнасці наперад усяго ставіць менавіта культуру беларусаў. Гэтаксама, як і яшчэ адно старэйшае таварыства – “Белавежа”, аб’яднанне літаратараў. Іншыя ж арганізацыі больш схільныя да палітыкі. З пункту гледжання некаторых дзеячаў такіх арганізацый, палітыка абавязана прысутнічаць у жыцці польскіх беларусаў, і пры гэтым палітыка пэўнага накірунку. Таксама трэба прызнаць: арганізацыі, відавочна апазіцыйна настроеныя да сённяшняга кіраўніцтва Беларусі, маюць больш лаяльнасці з боку дзяржавы…
Разам з тым, хоць палякі і блізкія да нас, ведаюць яны нашу краіну вельмі слаба. Кіраўнік Культурнага цэнтра Беларусі саветнік пасольства Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карачун расказваў, як былі ўражаны палякі, тыя, хто ніколі не быў у нашай краіне, калі была арганізавана першая турыстычная паездка. Прыпыніліся на прывакзальнай плошчы ў Мінску, палякі недаверліва перапытвалі: гэта сапраўды беларускі горад, ці які еўрапейскі?

Ян Сычэўскі – нязменны старшыня беларускага грамадска-культурнага таварыства на працягу многіх гадоў. Грамадскі дзеяч, дэпутат мясцовага сейміка. “Галоўны беларус” – з павагай прадстаўляюць нам яго.
Ён расказвае нам пра дзейнасць таварыства – а мне не верыцца, што гэтыя мерапрыемствы ладзяцца тут, у Польшчы, а не ў нас. Але з часам мусіш прызнаць: не, гэта ў Польшчы. Бо ў нас такой колькасці мерапрыемстваў, скіраваных на захаванне беларускасці, не было ніколі.
Хай гучыць гэта балюча і прыкра – але не было. І гэта не бяздоказная заява з мэтай некага ўпікнуць.

Вось перада мной “Беларускі каляндар 2008”, выдадзены ў Беластоку. У ім – цэлая справаздача аб культурным жыцці беларускай меншасці ў Польшчы. Штомесяц – мерапрыемства, а то і два. У гэтым календары – не толькі справаздача, тут – трапяткасць душэўнага стаўлення да сваёй культуры і мовы, і – як следства – жаданне захаваць кожную старонку культурнага жыцця.
Дарэчы, Польшча выконвае ўсе дамоўленасці і законы аб правах этнічных меншасцяў. Напрыклад, калі ў класе ёсць пэўная колькасць вучняў – этнічных беларусаў, якія жадаюць вывучаць беларускую мову, – вывучэнне прадмета будзе наладжана.

Дзіцячы садок №14 у Беластоку вядомы далёка за межамі горада. Сюды запісваюць дзетак адразу пры нараджэнні. Сюды – чарга. Тут беларуская мова гучыць паўсюдна. Тут культура Беларусі, мова яе – найдаражэйшыя каштоўнасці, якія вывучаюць, бы Святое пісанне апантаныя вернікі.
Так супала – сёння тут творчы вечар, прысвечаны Дню дзіцяці (так гучыць тут назва Міжнароднага дня абароны дзяцей.)
Напачатку выступаем мы, госці. Расказваем пра сябе, адказваем на пытанні, але не надта зацягваем – бо бачым, што дзеці чакаюць свайго выступлення...

І вось – яны выступаюць. Не школьнікі, дзеці з дзіцячага садка. Яны спявалі – спачатку па адным, невялічкія, у два-тры куплеты песні, і больш складаныя. А потым разам – так заўзята, так дружна, з такімі шчаслівымі тварыкамі.
Дзеткі спявалі на беларускай мове. На чысцюткай беларускай. З задавальненнем.
У нашых беларускіх Івацэвічах дзеці такога ўзросту часта спяваюць на беларускай мове? У нас ёсць у Івацэвічах дзіцячыя садкі, дзе вучаць з першага дня беларускай мове і беларускім песням?
Тады ў Беластоку ў зале было свята, а ў маёй душы не было нічога. Акрамя прыкрасці і болі.
Палякі вельмі многа ядуць. Гэта мы яшчэ ў час абеду заўважылі. Порцыі такія, што не асіліць. Думалі, то нам, як гасцям. Аднак – не. Так тут паўсюдна.

У рэстаране, дзе нас прымаюць, пуставата. Зала не вельмі вялікая, але і не маленькая. Толькі адна кампанія з шасці чалавек – і мы гаманлівай, поўнай уражаннямі, гурбай. Стравы звычайныя, зноў жа – вельмі вялікія порцыі.
Гаспадыня рэстарана вакол нас вельмі завіхаецца. Ужо ведаем, чаму. У Польшчы найбольш працаздольная частка насельніцтва выязджае на заробкі ў Германію. У самім Беластоку няма прамысловасці, так што рэстараны і бары амаль пустуюць. Усе гэтыя кропкі – прыватныя. Ва ўсе можна прыносіць сваё спіртное (што палякі і робяць), ва ўсіх кропках лічыцца нармальным і разумным усё, што не з’елі, забіраць з сабой. Рэаліі жыцця.
Гаспадар – Ян Сычэўскі – кожны раз налівае напоі ў малюсенькія шкалікі сам, абыходзячы гасцей за сталом. Нязвычнае правіла.

Позні вечар. Мы сядзім у сталоўцы Культурнага цэнтра. Дзелімся ўражаннямі, размаўляем пра набалелае – пра лёс беларускай мовы ў нашай Беларусі... Ужо далёка за поўнач. Кавы выпілі – не палічыць.
Ужо засынаючы, думаю пра тое, што гэты дзень – незвычайны з мною пражытых: за ўвесь дзень я сам не сказаў ні слоўца і ні аднаго слова на рускай мове не пачуў. Толькі беларуская – у нашым асяродку, ды польская – звонку. І яшчэ я думаю пра тое, што я вось цяпер думаю на беларускай мове...

Літаратурнае аб’яднанне “Белавежа” – асаблівае. Яно аб’ядноўвае літаратараў самых розных поглядаў: тых, хто вітае сённяшнюю Беларусь, і тых, хто лічыць сваімі сябрамі беларускую апазіцыю. Унікальнасць самой “Белавежы” трымаецца на цвёрдым правіле яе старшыні, прафесара універсітэта Яна Чыквіна: ты можаш мець любыя палітычныя погляды, але тут – толькі літаратура.
Нас сустрэлі ва універсітэце сам Ян Чыквін, Галіна Тварановіч, Віктар Швед, Юрка Баена, Міра Лукша і іншыя літаратары Беласточчыны. Буду шчырым – не самыя дружалюбныя позіркі асобных членаў аб'яднання былі нам відаць добра, як і адчувальны халадок іх кароткіх рэплік падказваў нам: нас прынялі ці не за палітычных агітатараў.

Але Анатоль Крэйдзіч расказваў пра дзейнасць абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі без аніякай хітрасці. І пра заснаванне аблвыканкамам літаратурнай прэміі імя Калесніка, і пра тое, што аблвыканкам фінансаваў выданне Літаратурнай карты Берасцейшчыны, куды ўвайшлі літаральна ўсе літаратары – ніхто іх тут не дзяліў па саюзах. Як ніхто не дзеліць па саюзах і пры прысуджэнні той самай прэміі аблвыканкама – у мінулым годзе яе атрымалі, напрыклад, у намінацыі “Паэзія” сябры якраз не саюза пісьменнікаў Беларусі... Для ўлады Брэсцкай вобласці галоўнае – якасць літаратуры, яе мастацкая каштоўнасць для грамадства.

Адразу пацяплела. Амаль фізічна адчулася, як знікла напружанне. Усе зразумелі, што мы прыехалі не агітаваць, не пераманьваць да сябе некага, не сеяць недавер, не ўпікаць. Мы прыехалі з прапановай: у Брэсце штогод праходзіць свята рускай паэзіі. Чаму б нам разам не праводзіць літаратурна-культурнае свята творцаў беларускага памежжа? Калі творчыя саюзы Гродзеншчыны, Берасцейшчыны і Беласточчыны сабраць разам на адзін вялікі фэст культуры і літаратуры?
Прапанова, дарэчы, агучвалася раней – яшчэ ў Беларускім грамадска-культурным таварыстве і была сустрэта з захапленнем. І тут, у Беластоцкім універсітэце, было тое ж узрушэнне і захапленне. Тым больш, што сёння ёсць Культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы, які адразу згадзіўся ўзяць на сябе пэўную частку арганізацыйнай работы.
Потым мы слухалі паэтаў і пісьменнікаў “Белавежы”, чыталі ім сваё, абменьваліся падарункамі – вядома ж, кнігамі.

І расставаліся мы на ганку універсітэта шчырымі сябрамі – бо мы паразумеліся, мы дакладна даведаліся, што яднае нас адна справа – служэнне роднай мове. А што іншыя погляды... Дык свае погляды на жыццё не мяняюць хіба што мёртвыя...
Развітваемся, шчыра дзякуем дырэктару Культурнага цэнтра Беларусі Аляксандру Карачуну, саветніку пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Дарэчы, Аляксандр Юр’евіч доўгі час працаваў у міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь, так што справы нашы, як літаратурныя, так і журналісцкія, ведае дакладна.

...Сем раніцы, кава на стале. Няспешна шчоўкаю пультам – пераключаю каналы. “Добрай раніцы, Беларусь!” – называецца праграма.
Але ні аднаго беларускага слоўца ні на адным з трох беларускіх каналаў за гэты ранак! Як і ў іншыя ранкі…
Было напачатку – наша берасцейская студыя тэлеканала “Лад” не выракалася беларускай мовы. Але ж сёння – сорам які! – нават анонсы беларускамоўных раённых газет шпарыць брэсцкі “Лад” на рускай мове.
Ведаю – дзяржаўная мова руская. Але і беларуская – дзяржаўная! Дык чаму ж яна знікае з тэлеканалаў? Няўжо надышоў той час, калі сілком трэба нейкі цэнз уводзіць, каб хоць якая колькасць перадач ішла на роднай мове?
Няўжо ж трэба нам, беларусам, тут, на сваёй зямлі, трапіць у такія ўмовы, як меншасці беларускай на Беласточчыне, каб пачаць шанаваць сваё, роднае? Няўжо трэба страціць, каб зразумець кошт таго, што страцілі?

...”ІВ” надрукаваў для самых маленькіх сваіх чытачоў казку “Сонечная паляна”. Казку пра тое, чаму трэба любіць сваю зямлю, свой родны куток. Чаму свая паляна – самае дарагое месца ў лесе. Мы звярнуліся адначасова да дзяцей, каб рабілі малюнкі да казкі – каб потым выдаць невялікую кніжку разам з гэтымі малюнкамі.
Адкрыю вам невялікі сакрэт: казка была напісана на дзвюх мовах. Але мы параіліся і вырашылі, што ў Год роднай зямлі друкаваць казку пра родную зямлю на рускай мове – няправільна. Мы разумелі, што могуць быць складанасці. І вось выхавальніца дзіцячага садка завітала да нас з малюнкамі дзетак. Сказала, што і казка цікавая, і дзеткі слухаюць з задавальненнем, ды толькі часта даводзіцца ёй спыняцца, каб тлумачыць тое ці іншае слова.
Цяжка зразумець усю абсурднасць гэтага: у Беларусі, дзе мова беларуская – дзяржаўная, дзеці не разумеюць роднай мовы. Матчынай мовы...

Нам здаецца, што мова – гэта набор слоў ды гукаў. Але ж тое не так. Мова – гэта складанейшы інфармацыйны код, які развіваўся многія стагоддзі, эвалюцыяніраваў, удасканальваўся. З гэтым кодам мы атрымліваем не элементарную інфармацыю – мы атрымліваем пачуцці і адценні, сэнсавую змястоўнасць сказанага. Праз гэты код падтрымліваюцца глыбінныя сувязі нас з суцэльным культурным пластам, праз яго існуе наша агульная духоўная сувязь і еднасць людзей як нацыі, як народа.

Дзве навіны апошніх дзён. Першая: выпадкова даведваюся, што трохгадзінная перадача на радыё FM на беларускай мове выходзіць штодня ...у Кітаі. Другая: за некалькі дзён, як ідзе «Славянскі базар у Віцебску», было спета дзве песні на беларускай мове – адну спяваў беларускі нарвежац Рыбак, другую - расійскі канкурсант, родам ...з Гомеля.
І таму баліць...
(21 августа 2011)  

 Добавление комментария:
 
Имя:
Пароль: (если зарегистрирован)
Email: (обязательно!)

теги форматирования

добавить смайлы
 
 
 
АСАБІСТАЕ
   
 
Copyright © 2007-2008 Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура  
БЕЛАРУСКАЯ ПЭЗІЯ БЕЛАРУСКАЯ ПРОЗА