Warning: Illegal string offset 'name' in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/core.php on line 148

Strict Standards: Declaration of AdsStaticFilter::showStatic() should be compatible with StaticFilter::showStatic($staticID, $SQLstatic, $tvars, $mode) in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/extras/ads/ads.php on line 22

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 82

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 154

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 517
Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура : Проза : Мікола Панасюк, "АРЫЕНЦІР - СУЗОР'Е АРЫЁН"
       

Навіны і дзеі

Пра нас

Нашы кнігі-2013

Нашы кнігі-2012

Нашы кнігі-2011

Нашы кнігі-2010

Нашы кнігі-2009

Нашы кнігі-2008

Нашы кнігі-2007 і ранейшыя

Проза

Паэзія

Публіцыстыка

Крытыка

Прэмія Калесніка

Лаўрэаты Прэміі

Конкурс юных аўтараў

Наш фотаальбом

 


 
НОВЫЯ КНІГІ
 

-- --




Мікола Панасюк, "АРЫЕНЦІР - СУЗОР'Е АРЫЁН"
Проза

(урывак з аповесці)
"Чула маё сэрца"
Тым днём прачнулася Марфа як бы з неспакоем нейкім у сэрцы. І вачэй, здаецца, не паспела расплюшчыць, як адчула ў душы трывогу. Падумала была, што з сэрцам нешта нядобрае, сцішылася, пасядзела колькі хвілін, спусціўшы ногі долу, прыслухалася. Не, сэрца не балела, але ўсё адно як бы трымцела нешта ў грудзях. "Што б то магло быць такое?" - падумала сама сабе. На сэрца, дзякаваць богу, не жалілася пакуль што.
Пасядзела так крыху дый адмахнулася ад тых благіх думак: "Ат, пэўна, ляжала на левым баку, от і прымроілася..." Апранулася, усунула ногі ў валенкі, звыкла затупала па хаце...
Так пачаўся той дзень для яе. Клопаты, як заўсёды, былі адны і тыя ж, звычайныя для вясковай кабеты: жывёлу накарміць-напаіць, снеданне згатаваць, на абед што ў печ паставіць. На тое дзіўнае адчуванне, з якім прачнулася, у клопатах гэтых і забылася б, ды, дай ты веры, не мінавалася яно.Падумала, што каб хаця ўсё добра было з цялушкай - гэта ж сёння-заўтра ацяліцца павінна.
Наважылася яшчэ разок у хлеў зазірнуць, глянуць на сваю ласуху ласкавую, ажно ўгледзела, што насупраць хаты спыніўся "газік" з выгаралым брызентам - старшынёўскі. "Чаго б то ён?" - падышла да акна. З "газіка" выскачыў сам старшыня, Віктар Іванавіч Панасюк, кінуўся па надворку, загукаў:
- Марфа Паўлаўна! Марфа Паўлаўна!
У яе і сэрца зусім апала. Старшыня гучна крычаў, праз двайныя рамы пачула. Не дужа часта велічалі яе Паўлаўнай, мо і ад гэтага ледзь не здранцвела. Кінулася на ганак ні жывая ні мёртвая - хто ж ведае, што здарылася, а Віктар Іванавіч раптам ашчарэпіў яе, да грудзей прыціснуў:
- Марфа Паўлаўна! Пеця ў космасе! "Саюз-13" пілатуе!
Яна і абвяла ўся. Каб не старшыня - не ўтрымалася б, напэўна, на нагах. А ён усё яе з абдымкаў сваіх не выпускае:
Не хвалюйцеся, Марфа Паўлаўна! Усё добра! Адчуванне выдатнае!
Тут ад машыны падышоў Мікалай Іосіфавіч, таксама Панасюк, настаўнік, пачаў, згледзеўшы яе разгубленасць, не віншаваць, а супакойваць.
Не паспела яна ачомацца, да памяці прыйсці, як пагранічнікі прыехалі, прыбеглі з фермы калгаснікі - людзей повен двор.
Усе нешта гавораць, руку ёй ціснуць.
Неўзабаве прыбегла задыханая паштарка, Каця Сідарук, праціснулася наперад.
- Цётка Марфа, вам тэлеграма! Ды якая! - памкнулася падаць тую тэлеграму, ды разгарнула і сама пачала чытаць - гучна, каб усе чулі: "Дарагая Марфа Паўлаўна! З пачуццём гордасці і радасці ўспрынялі вестку аб палёце на касмічным караблі "Саюз-13" вашага сына Пятра і яго зорнага сябра Валянціна Лебедзева. Ганарымся, што выканаць адказнае заданне партыі і Савецкага ўрада даручана нашаму земялку, камуністу, які выхаваны на традыцыях бязмежнай любові да Савецкай Айчыны, у духу гераізму і мужнасці легендарных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, гатоўнасці ў любы момант з гонарам выканаць заданне Радзімы. Вялікае вам дзякуй, дарагая Марфа Паўлаўна, за выхаванне героя. Жадаем вам моцнага здароўя, вялікага асабістага шчасця, доўгіх гадоў жыця, хуткай сустрэчы з сынам".
Падпісалі тэлеграму цётцы Марфе першы сакратар Брэсцкага абкама партыі Мікуліч і старшыня аблвыканкама Мацюшэўскі.
Прачытала паштарка, таксама абняла маці касманаўта, а ў той у галаве адна думка: "Чула маё сэрца, чула... Мой ты сыночак, мой ты Пецечка!.." На вочы слёзы нагарнуліся, ды не змахвала іх маці, не саромелася людзей, што ў далоні дружна пляскаюць. Чаго ж тут саромецца? Гэта ж яе сын, яе Пеця...
Яна ведала, што ён у атрадзе касманаўтаў, сказаў неяк, як у водпуск прыязджаў, што раз у атрадзе, дык і паляціць некалі, чакала таго дня і палохалася, думала - а мо ж як-небудзь папярэдзіць... Ажно во як знянацку ўсё... Дзе ж тут слёзы стрымаеш?
Цэлы дзень, да позняга вечара, не зачынялася ў той дзень яе хата. І суседзі, аднавяскоўцы заходзілі, і карэспандэнты папрыязджалі, з блакнотамі, фотаапаратамі, з магнітафонамі, а яна ўсё супакоіцца не магла, з думкамі сабрацца. І толькі тады, калі паглядзела па тэлевізары, як адлятаў яе Пеця ў космас, як размаўляў з Зямлёй ужо адтуль, з кабіны карабля, уляглося ў душы Марфы Паўлаўны тое першае ўтрапенне.
- Вось, Міша, як усё абярнулася, - сказала свайму другому мужу. - Нашага Пецю ўвесь свет глядзіць, і ён усю зямельку нашу бачыць з кабіны сваёй... Каб жа хаця ўсё добра было!..
Міхаіл Васільевіч, шчасліва ўсміхаючыся, не то адказаў ёй, не то падміргнуў Пецю на экране тэлевізара:
- Малайчына, сынок!..
За поўнач у хаце пацішэла. З бацькамі засталіся прыезджыя - журналісты. Уладзімір Тураў з абласной "Зари" прымчаў адным з першых, з калгаснай канторы паспеў перадаць рэпартаж у газету, а от ад Марфы Паўлаўны ніяк не адыходзіў: усё пра Пятра дапытваўся, прыглядаўся да круглага і маршчыністага твару маці касманаўта. Чорная, у ружовую кветку хустка ёй надзвычай пасавала, як і рудая вязаная кофта. Сярэдняга росту і шыракаспінная, у цёмнай спадніцы і валёнках фабрычнага вырабу, сядзела яна, паклаўшы правы локаць на край стала.
- У Маскве ты разы была. Жыве ён харашо! Лепш не трэба. Прыгожая мясцовасць! Елачкі... Жаніўся гадоў пяць ці шэсць назад... У 25 гадоў жаніўся. Пытаеце, ці думала, што касманаўтам стане? Не думала. Думала, выйдзе на інжынера... Я не хацела, каб на лётчыка. Я і цяпер напужана...
Гаварыла яна хрыплавата, з адказамі на пытанне не марудзіла і не бянтэжылася, не саромелася, калі пыталіся ў яе пра пісьменнасць.
- Я хутчэй карову выдаю, чым імя сваё напішу. Рукі да плуга прывыклі, да касы. Хадзіла ў польскую школу, а рускім літарам навучылі Пецечка і дочачкі.
Яна замаўчала. Зірнула на гаспадара - высокага і вастраносага дзядзьку ў цёмнай кашулі з ледзь прыкметнымі чырвонымі і сінімі палоскамі. Той, маўклівы і заклапочаны, бясконца хадзіў па хаце, смактаў цыгарэту.
- Людзі ж галодныя. Што ж ты, Міша... Нясі пляшку! - Марфа Паўлаўна раптам усхапілася з месца, патупала ў кухню.
Кухня ў Клімукоў, як і ў кожнай вясковай хаце, - чыста пабеленая. Адчыняеш дзверы з невялічкіх сенцаў-прыбудовачкі, і шырокая вогненная гарлавіна печы казытлівым цяплом дыхае ў твар, вымушае забыць пра золь і халепу, супакойвае. Побач, ля печы, складзенай з плітак кафлі, - ахапак сечаных дроў і трошкі вугалю. Над ляжанкай, пад самай столлю, - вузельчыкі з галоўкамі маку і цыбулі. І калі прыкмячаеш іх, нейкі шчымлівы ток прабягае па сэрцы. Колькі б ні прайшоў дарог па свеце, а гэты матчын вузельчык - як маўклівая згадка маленства, яе дарагая сямейная рэліквія... Ніжэй покутняга акна, за прадаўгаватым сталом, засцеленым цыратай з дробненькімі кветачкамі, - доўгая дубовая лаўка, на крокі тры-чатыры, ад сцяны да сцяны, што дзеліць хату. Ад лаўкі і да вузенькіх, як прайсці чалавеку, дзверак у спальню - высокая куплёная шафа. Для посуду. На шафе і ўдзень, і ўначы цікае будзільнік. Будзільнік - пад колер шафы. Бялюткі, як бяроста. З цыферблатам у пабліскваючым абручыку. Цэбрык з варанай бульбай, услончык з вядром халоднай вады і квартай не замінаюць хадзе - прыстаўлены да сцяны, насупраць печы...
Марфа Паўлаўна паставіла на стол гарачую бульбу з адваранымі сардэлькамі, місу мочаных памідораў і крамяныя яблыкі.
- Пеціны яблыкі!.. Разам сад садзілі. Цяпер у нас сад у пяцьдзесят чатыры корані, азваўся нарэшце Міхаіл Васільевіч і паналіваў у чаркі.
- Цэлай скрыняй гарэлкі, мабыць, запасліся?
- Ой, н-е-е, - засмяялася Марфа Паўлаўна. - У суседкі пазычылі. Пакуль сама ачомалася, магазін зачынілі. Не ведала, што Пецечка паляціць, не гадала... У нас запасе гарэлкі не бывае. У нас ніхто не п'е. І добра. Лепш не трэба. Дастатак не ў гарэлцы...
Паднялі тост за Пецю, за яго шчаслівую сцяжынку ў космас. Марфа Паўлаўна зноў не ўтрывала: завільжэлі нечакана вочы, і словы, шчырыя, ад сэрца, пасыпаліся, як тыя слязінкі:
- Гэта ж хто думаў, каб з такой беднасці хлопец у свет выбіўся. Чалавеку, што ўласць Савецкую прынёс, я б мільён гадоў жыць напрарочыла, калі б магла. Каб жыў вечна, у шчасці... Каб... А-а, - яна, бачна было, не магла ўтаймаваць пачуцці і, пэўна, таму безнадзейна махнула рукой.
Марфа Паўлаўна выпіла гарэлкі на палец, не болей, але прыкметна павесялела.
- Дык пагамонім... Мы людзі саўраменныя. Усякія ўласці бачылі. Ёсць аб чым пагаманіць, - пачала Марфа Паўлаўна. - Як было калісь, пыталіся? А во так і было. У полі каласкі, як камарыныя наскі. Усяго і запасу, што між зубоў, - хоць шаром па хаце пакаці. Я так думаю: цяпер усё ёсць! Абы ладу ў сям'і не бракавала... На ладзе тым і ўсё трымаецца. Як хата на падмурку.
Яна дастала з чамаданчыка пісьмы. Ад сына. Кожны радок ліста - пацвярджэнне матчынай думкі. У адным Пеця пісаў:
"Атрымаў пасылку. Вельмі вялікае дзякуй. Але ж так многа прыслалі, ажно я ледзь данёс з пошты. Вяндлінка і каўбаса надта смачныя. Многія хвалілі... А зараз напішу трохі пра сябе. Жывём па-ранейшаму добра. Міша адчувае нядрэнна. Аднак Лілі даводзіцца цяжкавата, і нават вельмі: і Мішутка, і вучоба, і работа. Акрамя мяне, зараз дапамагае ёй і Валянціна Васільеўна, і можна хоць трохі адлучыцца..."
- Лілька - нявестка мая, Мішка - унучак, а Валянціна Васільеўна - яшчэ адна мама Пеціна, - растлумачыла Марфа Паўлаўна і, памаўчаўшы, дадала: - Лілька на доктара вучыцца...
...Марфа Паўлаўна паслала гасцям пасцель, апранулася і патупала на вуліцу. Вёска даўно спала. Толькі ў другім канцы брахаў сабака. Неба льснілася зоркамі, вялізным ліхтаром свяцілася поўня. Закарцела моцна пабачыць імклівую зорачку. Тую, у якой Пеця. Як ні напружвала зрок - не ўгледзела. З паўгадзіны пастаяла на падворку. Падворак узімку - хоць камбайнам разварочвайся. Улетку - як прайсці ля сцяны. Здавён Клімукі ашчадна ставіліся да зямлі: і там, дзе ў іншых падворак быў падворкам, садзілі агуркі і памідоры. Побач, ледзь не ля самага вугла хаты, што ад саду, выкапалі студню. Глыбокую, аж глянуць страшна. Яшчэ і кольца адно засталося. Паліваць расаду - адна любата. І насіць ваду ў сцюжу - зусім блізенька. Падабалася ёй і летняя куханька. Асабліва газавая пліта. Зручна, як у горадзе. І ўсё гэта клопат Пеці і Міхаіла Васільевіча.
"Шчаслівая ты, Марфа, і шчасця большага не трэба", - падумала яна, адведала цялушку і накіравалася ў хату з надзеяй паспаць: недзе ачнуліся трэція пеўні, нехта рыпнуў весніцамі.
Але сон не ішоў. Яна варочалася з бока на бок, усё пра Пецю думала. Старалася і думкі не дапускаць пра благое, ды як уявіць, дзе ён, яе Пеця, цяпер, дык ажно сціналася ўся. Самалёт - гэта адно, хоць таксама не па зямлі коціцца. А то ж карабель, ды яшчэ касмічны! Нават крылаў, як у самалёта, няма... Потым сама з сябе пачала пацвельвацца: "Дурная ты баба, от і ўсё! Людзі, якія тыя караблі робяць і ў неба пускаюць, не табе ж раўня! Іншыя ляталі і шчасліва вярталіся, от і твой Пеця таксама..." Іншыя... А то ж яе Пеця! Колькі яна памэнчылася, пакуль на ногі паставіла! А душа колькі перабалела за яго! Гэта цяпер, дзякаваць богу, хлопец як трэба...

Мітынг у калгасе
...Дзіўна з Пецем атрымалася. Але ж от скажы - як напрарочыў хто! Усё малым той вершык чытаў, дзе пра Алесю гаворыцца, пра тое, як не згадала матуля, што выйдзе з Алесі. Думала, што дачушка кужаль будзе прасці, а яна паляцела да сонца пералётнаю птушкай. І яна, яго матка, не згадала, што выйдзе з сына.
Гэта ж адным часам думала, што музыкам будзе яе Пеця. Быў у яго сябрук, таксама Пецька, а па прозвішчы Голуб. Бацька таму Пецьку гармонік купіў. Той хлопец вучыўся іграць, і яе Пецька падахвоціўся. Дык Міша глядзеў на тое, глядзеў, а пасля, прадаўшы яблыкі - к таму часу ўжо садок ладны быў, - таксама той гармонік купіў. Маўляў, чым іхні Пецька горшы? Мо яшчэ больш здатны да музыкі той, чым Голуб. І дай жа веры: здатны аказаўся. Праз які час іграў, што ні папросяць. Усе песні, што дзяўчаты спявалі ў Камароўцы, і ва ўкраінскім сяле Палімец, і ў польскай Владаве - гэта ж такі куточак, дзе тры народы - суседзі... А от жа...
Ён быў добры вучань, яе Пеця. Старанны, удумлівы. І сур'ёзны. Слова ўмеў трымаць. Працаваць любіў. І ўмеў. Малаток, гэблік, нажоўка былі паслухмянымі ў яго руках. Зрабіць дапаможнікі па фізіцы, геаметрыі, трыганаметрыі двойчы прасіць яго не трэба было. На Лысую гару з хлопцамі на лыжах не пойдзе, пакуль не зробіць.
А яшчэ таварыскі быў. Памагчы таварышу, выручыць з бяды - заўсёды гатовы. Праўда, не заўсёды разумеў яшчэ, бывала, дзе таварыша бяда напаткала, а дзе лянота апанавала. Пачне бэкаць-мэкаць такі ля дошкі, дык Пеця часам - на паратунак да яго з пошаптам-падказам. Так што і ўшчуваць даводзілася.
Памятае, у камсамол Пецю прымалі. Як прышпілілі значок да грудзей, дык ажно падрос, выпрастаўся хлопец. Ажно паходка змянілася. Бачыла, як дадому ішоў пасля тае ўрачыстасці... Якраз тады школьны драмгурток п'есу рыхтаваў. Ці не Крапівы "Партызанаў"? Трэба было некалкі шынеляў расстарацца. Гэта і стала першым Пецевым камсамольскім даручэннем. Маці казала пасля, што бацьку, айчыму значыцца, спакою не даваў, пакуль той не раздабыў тых шынялёў. Але аднаго бацьку не пусціў, сам з ім хадзіў да хлопцаў, што паадслужваі ў войску і павярталіся дадому.
Пасля думала: выйдзе з яе Пеці чалавек масцеравы. Па дрэве. Вечна ўсё стругаў-габляваў. Колісь, яшчэ зусім малечай быў, лыжы сабе змайстраваў. Гэта да таго, як бацька куплёныя прынёс... Помніць яшчэ, крэсла Антосі змайстраваў. І жартаваў яшчэ: "На вяселлі будзеш на ім сядзець, Антоська!" А ўлетку, як у восьмы клас павінен быў ісці, усіх здзівіў: за нейкія два тыдні хату ашаляваў. Старыя людзі, каторыя такім дзелам займаліся, не верылі, што хлопцава работа: надта ж усё шчыльненька і гладка, дошка да дошкі...
Ну, а скончыў дзесяць і заявіў: "Пайду ў лётнае!" Яна, маці, пярэчыла, нават крыху сварылася. А бацька маўчаў больш. Маўляў, сваю галаву хлопец мае, школу вунь на пяцёркі скончыў, дык што ён будзе яму замінаць? Яно ведама, на пяцёркі! Мог бы ў любы інстытут падацца. Дык жа не - толькі ў лётнае. Ну, а тут яшчэ Змітрок з Брэста пад'ехаў, спытаўся: "Куды, Пеця?" А Пеця той, як камандзіру: "У вышэйшае ваенна-паветранае вучылішча!" Адрапартаваў і не заікнуўся. Яна думала, што не ўхваліць Змітрок таго выбару, падтрымае яе, маці, а той кіўнуў галавой: "Ну, што ж, лётчыкам, брат, яно таксама няблага. Брат маёй жонкі лятае, грошы неблагія мае, пасабляе бацькам штомесяц..." Хацела яна на Змітрака насварыцца, ды пасля перадумала. Калі ўжо наважыўся, то няхай. І Іллюк, бацька яго, таксама ўпарты быў. І за Польшчай ад паліцыянтаў перападала, бо яму больш чым каму праўды хацелася, чырвоны сцяг на свята савецкае вывесіць, і
гітлераўскай кулі ледзь не схапіў за помач партызанам... Хай ідзе ў лётнае!
От і выправіла аднойчы ранічкай. Правяла яго за вёску, перахрысціла. А вярталася назад, дык суседка, ваду якраз брала са студні, спыталася: "Куды, Марфа, сына правяла?" Сказала ёй з гонарам? "Паехаў на лётчыка вучыцца..."
Не, што ні кажы, а задаткі ў яго былі, ужо тады была і стараннасць, і сіла волі, і прынцыповасць, і працалюбства, і ўпартасць. Пэўна ж, і мужнасць была. Бо іначай ці стаў бы касманаўтам?
Марфа Паўлаўна ўсхамянулася. Рыпнулі дзверы: Марозаў хадзіў глядзець цялушку. Апамяталася і войкнула, да радыёпрыёмніка памкнулася, злёгку, каб не пабудзіць людзей у хаце. Навяла на гучнасць, да скрыначкі вуха прытуліла.
- Самаадчуванне касманаўтаў таварышаў Клімука і Лебедзева добрае, бартавыя сістэмы працуюць нармальна.
Яна аж пасвятлела. Пачала тупаць ля печы. За клопатам і не пачула, як расчыніліся дзверы і ў хату завітаў старшыня калгаса:
- Рыхтуйся, Марфа Паўлаўна, будзеш выступаць на мітынгу. Ды так, каб людзі пляскалі. Каб зала грымела... Начальства прыедзе...
- Не ўмею мітынгаваць я, - адмахнулася яна. - Скажу, як умею.
Дом культуры ў Камароўцы прасторны. З белымі, у абхват, калонамі. У маладым скверыку. З самай раніцы сюды пачалі з'язджацца хлебаробы калгаса імя Дзяржынскага, школьнікі. У фае - партрэты касманаўтаў, яго, камандзіра карабля "Саюз-13" маёра П.І.Клімука, і пісьмо, атрыманае школай, дзе вучыўся Пётр Ільіч, ад камандавання і палітаддзела Чарнігаўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў. Дзяўчынка з чырвоным гальштукам чытае пісьмо бабульцы ў рудаватым кажушку:
- Дарагія таварышы! Рады паведаміць вам, што выхаванец вашай школы Клімук Пётр Ільіч з выдатнымі адзнакамі скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае вучылішча лётчыкаў. Яму прысвоена афіцэрскае званне і кваліфіацыя лётчыка-інжынера...
А дванаццатай гадзіне пад'ехала легкавушка. З бацькамі касманаўта. Міхаіл Васільевіч і Марфа Паўлаўна накіраваліся па алейцы... Вочы сляпіла яркае сонца, жывой сцяной стаялі наўкол калгаснікі, бегалі і шчоўкалі фотаапаратамі карэспандэнты... Раней, у маладосці, яна, галодная і стомленая, за некалькі кіламетраў хадзіла на палоску няўдобцы, прывыкла да цяжкай і доўгай хады. Сёння ж некалькі дзесяткаў метраў алейкі паказаліся бясконцымі, ажно яна з палёгкай уздыхнула, калі ступіла на сходы будынка.
У цёплай баковачцы ля сцэны заўважыла ў калясачцы немаўлятка і маладую маці - агранома Паліну Раманюк. І тое, што Паліна Мікалаеўна ў такі халодны дзень прыйшла з малым, да рэшты ўразіла Марфу Паўлаўну, і яна, усаджваючыся побач з мужам у прэзідыуме, намагалася суняць хваляванне. А тут кветкі на стале ўгледзела. Чырвоныя, блакітныя, жоўтыя - як з градкі. І твары ў людзей - як кветкі. На яе, у прэзідыум, скіраваліся. Дзе тут будзеш сядзець спакойна. Добра, што старшыня калгаса Віктар Іванавіч Панасюк не марудзіў, адкрыў мітынг адразу:
- Для ўсіх нас сёння вялікае і радаснае свята. У космасе "Саюз-13", на якім два героі. Пілатуе карабель наш зямляк, ураджэнец Камароўкі Пётр Ільіч Клімук. Цяжка выказаць пачуцці, з якімі мы прыйшлі сюды. Але, пэўна, са мной згодзяцца, калі скажу: гордасць і радасць напаўняюць зараз нашы сэрцы. Хвалююцца, радуюцца не толькі нашы паважаныя Марфа Паўлаўна і Міхаіл Васільевіч, але і ўсе аднавяскоўцы, усе працаўнікі Брэстчыны і рэспублікі. Пётр Ільіч - першы касманаўт з Беларусі, і нам прыемна ўсведамляць, што камандзір касмічнага карабля калісьці зрабіў першыя крокі на нашай прыбужскай зямлі. Тут, дзе яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад сяляне марылі пра лусту хлеба, ён вынасіў у сэрцы сваю запаветную мару - адарвацца ад зямлі і зірнуць на яе з вышыні...
Марфа Паўлаўна крыху супакоілася: сціх грукат у грудзях, і галаву падняць рашылася. Згадала, як шчыра, па-зямляцку радаваўся Пеця, калі прыязджаў у вёску, сустракаўся ў полі, на ферме, а то і проста на вуліцы з калгаснікамі. Было і такое: адным летам памочнікам камбайнера ўладкаваўся ў калгасе і, пакуль ехаць у Маскву, намалаціў не адну тону янтарнага збожжа. І ў апошні прыезд добрую навіну пачуў: хлебаробы паспяхова выканалі планы трох гадоў дзевятай пяцігодкі. І па вытворчасці прадукцыі раслінаводства, і па жывёлагадоўлі. А Герояў працы ў Камароўцы - палічыць цяжка: і механізатары Фёдар Мамацюк і Сяргей Дубіна, і даяркі Надзея Мазарук і Марыя Жук... Манька Жукава, як проста, па-вясковаму клікалі апошнюю, сядзела ў першым радзе і разам з усімі гучна пляскала ў далоні, ражком хусткі выцірала з куточкаў слязінкі, усміхалася і тайком, каб Марфа Паўлаўна не бачыла, паглядала на маці касманаўта.
На трыбуну паднялася Марыя Якаўлеўна Краснова, былы класны кіраўнік пятага-сёмага класаў, у якіх вучыўся камандзір карабля, - шыракатварая, у вязанай світцы.
- Мне і радасна, і цяжка гаварыць, - Марыя Якаўлеўна зрабіла паўзу. - Я і не ведаю, з чаго пачаць. Пра Пецечку, вучня майго, а цяпер паважанага Пятра Ільіча расказваць можна шмат, але адразу скажу самае галоўнае: такога вучня, як Пеця, у мяне яшчэ ніколі не было...
А калі аб'явілі, што будзе выступаць Марфа Паўлаўна, у зале грымнулі апладысменты. Вочы яе ледзь-ледзь прыкметна завільжэлі, яна спачатку разгубілася: не ведала, куды пакласці рукі, - выступала ж упершыню. Потым саўладала з пачуццямі і, калі сціхлі апладысменты, выгаварыла шчыра і ўсхвалявана:
- Вы мне даруйце, я вельмі хвалююся... Вельмі ўсім удзячна: і настаўнікам, і нашай Камуністычнай партыі. Удзячна за тое, што дапамаглі мне вырасціць, памаглі выхаваць Пятра... Няхай кожная маці мае такога сына!..
Зала прыціхла. Чакала, што скажа яшчэ Марфа Паўлаўна, а яна і гаварыць больш не збіралася. Толькі ж калі села, у каторы раз аглушылі апладысменты. І яна, расчуленая і радасная, зірнула спачатку на Міхаіла Васільевіча, потым на залу, хацела схаваць вочы, трохі засаромелася, трохі злякалася, што сказала няскладна і мала, але цярпліва перачакала апладысменты, і неба, усеянае зоркамі, праплыло перад вачыма. І раптам моцна закарцела прыкласці вуха да скрыначкі і пачуць пра Пецю, каб хутчэй нахапіліся прыцемкі і застацца адзін на адзін з цішынёй зімовай ночы, згледзець міглівую зорачку... Пеціну зорачку, зорку двух касманаўтаў-таварышаў. Яна раптам упэўнілася, што зорачку тую заўважыць сёння. Гэта ж такі дзень - ні адной аблачынкі на небе.
Пасля зноў з-за стала прэзідыума падняўся старшыня калгаса Віктар Іванавіч Панасюк, зухавата паправіў акуляры і сказаў нечакана:
- Таварышы! Ёсць прапанова: ад імя ўдзельнікаў урачыстага мітынгу паслаць у Цэнтр касмічнай сувязі наступную тэлеграму: "Горача і сардэчна віншуем вучоных, канструктараў, рабочых з паспяховым запускам касмічнага карабля "Саюз-13". Ганарымся дасягненнямі айчыннай навукі, слаўнымі сынамі партыі, якія смела штурмуюць космас. Шлём камандзіру карабля, нашаму земляку Пятру Ільічу Клімуку, яго сябру Валянціну Вітальевічу Лебедзеву палымянае прывітанне і пажаданне шчаслівага завяршэння палёту. Ваш подзвіг, дарагія таварышы, натхняе працаўнікоў калгаса імя Дзяржынскага на новыя працоўныя справы ў імя магутнасці і росквіту сацыялістычнай Радзімы".
Радасць апанавала Марфу Паўлаўну: "Тэлеграму сыну?.. Значыць, і ў космас пасылаць можна..."
Пасля мітынгу, узрушаная і ўсхваляваная, яна памкнулася да Віктара Іванавіча, усміхнулася на ўвесь твар, сказала ціхавата і крыху няўпэўнена:
- Мо і праўда атрымае Пеця тэлеграму? Памаглі б, Іванавіч, і ад нашага імя павіншаваць сыночка.
- Праўду кажаце, Марфа Паўлаўна! Як гэта мы самі не прапанавалі...
У той жа дзень з Камароўкі паляцела яшчэ адна тэлеграма:
"Касмадром Байканур. Цэнтр касмічнай сувязі. Камандзіру касмічнага карабля "Саюз-13" Клімуку Пятру Ільічу.
Дарагі сынок!
Шлём табе і твайму сябру Валянціну вялікае зямное прывітанне. Ганарымся табой. Верым, што з гонарам выканаеце заданне Радзімы. Жадаем паспяховага палёту. З нецярплівсцю чакаем твайго вяртання. Абнімаем. Цалуем. Твае бацькі".

У роднай хаце
Шыны аднастайна, наганяючы сон на павекі, гаманілі-шапацелі з асфальтам. Ды вінаваты не шыны і не гэтае лёгкае, закалыхваючае пагойдванне. На сон гарнула і без таго. Урачыстыя, шчырыя і сардэчныя сустрэчы ў Мінску ўсё ж затамілі. Ліля, жонка, здаецца, і праўду драмала. Ён, Пётр, таксама змружыў бы, пэўна, вочы, калі б не стрыечны брат Змітрок. Зрэшты, гады ў брата не ягоныя - вайну паспеў прайсці. Значыцца, не Змітрок ужо, а Дзмітрый Антонавіч.
Прыехаў сустракаць Пятра з Брэста, а цяпер разам з Мінска ехалі. У Брэст. У Мінску пагаварыць не ўдалося, дык зараз Дзмітрый Антонавіч стараўся кампенсаваць тое ў машыне.
- Ці помніш, Пятро, як разглядаў пасля вайны мае ўзнагароды, як хацеў пакратаць ордэны і медалі?
- А ты быў дужа важны і не вельмі дазваляў дакранацца да іх, - усміхнуўся Пётр.
- Не хлусі, брат! Ты быў у такім узросце, што важнічаць перад табой не выпадала. Ды я не пра тое... Хто ведаў, што праз колькі гадоў я на твае грудзі буду пазіраць яшчэ з большай цікаўнасцю, га?
Пётр прамаўчаў, потым сказаў на поўным сур'ёзе, нават не ўсміхнуўся:
- Скажы лепш, як сёння ж у Камароўку трапіць?
- Гэ! Вельмі проста! Марозаў, пэўна, здагадаўся ў старшыні каня папрасіць і чакае на аўтастанцыі. Сядзем і - но, Гняды ці Буланы! - зарагатаў Дзмітрый Антонавіч. - А сена бацька накасіў - ого-го! Сена другога ўкосу. Сядзеш і правалішся.
- А я б з задавальненнем паспаў бы на сене, - сур'ёзна заўважыў Пётр Клімук. - Цягне...
Ён не прыбольшваў - казаў праўду. Пасля мітуслівых будняў хацелася дачакацца водпуску і басанож, як у пару залатога маленства, узяць вуды і папраставаць да Сіляхоўскага возера.
Але аб тым, чаго не бракавала раней, ён мог толькі марыць: пасля памятнай сустрэчы з Рыгорам Арамавіча давялося пісаць справаздачы аб касмічным палёце, праходзіць далейшае медыцынскае абследаванне, а 22 студзеня камандзіра касмічнага карабля "Саюз-13" Пятра Клімука і бортінжынера Валянціна Лебедзева выклікалі ў Крэмль, і Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М.В.Падгорны ўручыў героям космасу высокія ўзнагароды.
І добра, што брэсцкія камсамольцы запрасілі да сябе на абласную канферэнцыю, заадно і дома выпадала пабываць, з землякамі сустрэцца, а то ж, папраўдзе, невядома, калі б змог выбрацца ў дарогу.
- Ты мне, Пеця, скажы от што, - абарваў раптам Пятрову думку Дзмітрый Антонавіч. - Часу ўжо было, наслухаўся. Маўляў, Гагарын - гэта да! Першы! А цяпер што - сеў і паляцеў!.. Ты, калі што, не крыўдуй, я па-сваяцку, па-простаму...
Клімук усміхнуўся злёгку, спахмурнеў, быццам задумаўся аб чымсьці. Урэшце сказаў:
- Яно і праўда. Сеў і паляцеў. Калі не лічыць, не прымаць пад увагу тое, што да палёту трэба добра падрыхтавацца. І тэарэтычна, і практычна.
- Ну, а як, Пеця, як? Пра тэорыю не трэба, гэта доўга, ты лепш аб практычнай падрыхтоўцы. Кожны яе адужае ці...
- Кожны ці не кожны, пытаешся... Уяўляеш, Міця... Ёсць у нас такая штука - цэнтрыфуга. Цітоў яе "чортавым млынам" называе. Пасадзяць цябе ў спецыяльную люльку, прывяжуць рамянямі - і трымайся, брат! Цела дзервянее, кроў у жылах закіпае... А яшчэ "ротар" ёсць у нас - для складанай трэніроўкі. Уяві: сядзіш ты ў крэсле, а крэсла гэтае разам з табой круціцца вакол сваёй асі, рама з кабінай - вакол другой, а ўся ўстаноўка - вакол сваёй трэцяй восі. Да прыходу ў Зорны я на МіГах лятаў. Перагрузкі здаваліся ўга якімі, а ў параўнанні з "ротарам" - нішто.
- Так... Не кожны зможа, - зазначыў Дзмітрый Антонавіч. Замаўчаў, ды ненадоўга. - Шкадую, брат, што не змог на вяселлі тваім пабываць. Каб яе ліха ўзяло, хваробу тую! Гэта ж, уведаўшы, што я сваяк твой, школьнікі мяне на вечар запрасілі. Пытаюцца: а ці бачыў Пятро Ільіч Гагарына? Бачыў, кажу, а што яшчэ сказаць, дык і не ведаю. Рая мая, як прыехала з таго вяселля, казала, што быў Гагарын, побач з табой стаяў...
- І бачыў, Міця, і гаварыў не адзін раз. Цудоўны чалавек быў Юрый Аляксеевіч! Усе мы яму многім абавязаны. І я таксама. Вучобай у акадэміі - таксама. Усё наказваў вучыцца... Калі б не ён...
Хацеў нешта яшчэ сказаць Пётр Клімук, ды не паспеў - машына спынілася. Зірнуў у акно і сумеўся: на ўзбочыне, прыцярушанай снегам, стаялі ружовашчокія дзяўчаты ў вышываных сукенках з кветкамі ў руках, з боханам хлеба на ручніку.
Такія ручнікі з пералівамі-ўзорамі вясёлкі ткалі некалі ў Камароўцы, і Пётр Кліук з замілаваннем, быццам бачыў упершыню, глядзеў на тое непаўторнае хараство, ажно пакуль Дзмітрый Антонавіч не шапнуў ціха, але настойліва:
- Выходзь, герой! Пачынаецца Брэсцкая вобласць! Землякі сустракаюць!
Толькі зараз здагадаўся, чаму Змітрок жартаваў наконт таго Гнядога ці Буланага, якога бацька нібыта меўся папрасіць у старшыні. Не ўяўляў, што такое будзе. Ехаў ён на радзіму, да землякоў, да бацькоў і сваякоў так, як прыязджаў неаднойчы і раней. Адно што зараз едзе пасля палёту. Але ж ён усё адно застаўся Пятром Клімуком. І быў збянтэжаны, калі ў Мінску, дзе здаецца, не так і шмат знаёмых, яго сустракалі тысячы людзей і то таму неяк не верылася, што гэта сустракалі яго і што яму былі адрасаваны і цёплыя, высокія словы, і кветкі, і ўсмешкі, і воплескі - таксама яму.
А от тут, на мяжы абласцей - Мінскай і Брэсцкай, ён выйшаў з машыны таксама з нясмелай усмешкай на твары, прыняў ад дзяўчат бохан хлеба і падзякаваў за цёплую сустрэчу.
Калі зноў сядалі ў машыну, каб ехаць далей, Дзмітрый Антонавіч прапанаваў:
- Сядай, Пеця, наперад, да шафёра. Так трэба! Людзі вітаюць героя-касманаўта, камандзіра "Саюза-13" Пятра Ільіча Клімука! Зразумеў?
Касманаўт паслухмяна перасеў. І правільна зрабіў, бо людзі выходзілі на дарогу прывітаць яго.
Лёгкая галалёдзіца і рэдкаваты туман стрымлівалі хуткую язду, і позірк паспяваў выхопліваць кантрасты прыдарожнай сцяны лесу. Хмарнай цьмянасцю вызначаліся купкі лазняку, як малочныя струмені, бялелі здаля цыбатыя бярозкі, засцілі глыбокі прагляд узлескаў густыя хвоі і лахматыя слупкі ядлоўцу. Дзе-нідзе ўраджайна рдзелі здалёк гронкі ягад рабіны, трапляліся каржакаватыя дубы.
Згадваліся найбольш прыкметныя паляны, назва вёсак, праз якія не год і не два спяшаўся ва ўласным "Масквічы" да парога бацькоўскай хаты. Колькі жыў ён у Зорным гарадку, а ні разу так і не з'ездзіў на Чарнаморскае пабярэжжа і не цярпеў імчаць у цягніку. Звычайна з сям'ёю ў "Масквічы" ад самай Масквы да Камароўкі адлічваў спідометрам болей тысячы кіламетраў, начаваў дзе папала - пад зорным небам Смаленшчыны, у барах пад Мінскам, прама на ўзбочыне магістралі - на росных берагах Шчары.
На тым шляху значыліся ў ягонай памяці два прыпынкі, на якіх зварочваў і ўдзень, і ўначы - вядомы ўсяму свету домік у Гагарыне і непрыкметны парк ў Бярозе.
Мінуць і не адведаць Ганну Цімафееўну - маці першапраходца космасу - Пётр Клімук не мог, як і не хапала сілы праехаць завулак, дзе ў апошні раз, адпраўляючыся ў 1944 годзе на фронт, назаўсёды развіталіся родны бацька і маці...
Сардэчны прыём у Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі Беларусі, сустрэча са студэнтамі дзяржаўнага універсітэта імя У.І.Леніна і камсамольскім актывам Мінска да рэшты сцёрлі апошнія рыскі яго прыроднай сарамлівасці, якая з'яўляецца ў сялянскіх хлопцаў, што доўга не варыліся ў шумным гарадскім віры, прывыклі да ціхіх ваколіц і некалькіх дзесяткаў людскіх абліччаў, а потым нечакана трапілі ў свет - тлумны і неабдымны.
Аднак тое, што ўбачыў ён перад Брэстам, каля новага бальнічнага гарадка, вымусіла Пятра Клімука злёгку збянтэжыцца. Людзей было як кінуць вокам. Не памятаю, як выйшаў з машыны, як трапіў у абдымкі маці і бацькі, сясцёр, як прымаў з рук старога камуніста Брэстчыны Мірона Амяллянавіча Крыштафовіча яшчэ цеплаваты бохан хлеба. Суняў крыху хваляванне, павёў вачыма па неаглядным людскім моры толькі тады, калі аціхлі воплескі і сакратар абкама партыі Уладзімір Лукіч Верхавец сказаў першыя словы прывітання...
Як ні рваўся Пётр Клімук трапіць хутчэй у родную вёску, а давялося на цэлыя два дні затрымацца ў Брэсце. Тут, у коле землякоў, ён таксама не належаў сам сабе ці, прынамсі, належаў не толькі сабе. Пасля таго мітынгу-сустрэчы ля бальнічнага гарадка быў сардэчны, надзвычай хвалюючы прыём у абласным камітэце партыі... Потым некалькі гадзін працягвалася сустрэча з рабочай моладдзю Брэста... Затым было наведванне крэпасці-героя. Ён тут, вядома, быў, і неаднойчы, але зараз, пасля вяртання адтуль, не мог не пабываць зноў... Урэшце - абласная камсамольская канферэнцыя, дэлегатам якой яго адзінадушна абралі юнакі і дзяўчаты Брэстчыны. Ён з хваляваннем слухаў выступленні дэлегатаў, радаваўся поспехам землякоў, ганарыўся іх працоўнымі здзяйсненнямі. Калі далі яму слова, ён ад усяе душы павіншаваў камсамольцаў вобласці з іх выдатнымі дасягненнямі, пажадаў ім новых здабыткаў у працы, вучобе і жыцці, перадаў гарачае прывітанне ад сяброў-касманаўтаў і паднёс у падарунак вымпел з камсамольскімі значкамі, якія пабывалі ў космасе, і памятны медаль Ю.А.Гагарына. Пад бурныя воплескі дэлегаты абралі Пятра Клімука дэлегатам камсамольскага з'езда краіны.
І толькі на трэці дзень ранічкай чорная "Чайка" вырвалася з абдымкаў жылых кварталаў пагранічнага горада, лёгка ўзбегла на мост цераз Мухавец і павярнула на асфальт са знаёмым надпісам на блакітным указальніку "Тамашоўка - 59 км", і Пётр Клімук ажно здзівіўся: на прыдарожных вербах бясконца трапяталі на ветрыку чырвоныя сцяжкі, запавольвалі язду вадзіцелі аўтобусаў і грузавых машын, калгасныя трактарысты. Адны віталі касманаўта рэдкімі гудкамі, іншыя ж асмельваліся выходзіць на ўзбочыну дарогі ў прамасленых ватоўках і, як маглі, падавалі знак павагі свайму земляку.
Сардэчна сустрэлі ў Страдзечах. Душысты каравай у Ляплёўцы прыпаднесла знатная цялятніца саўгаса "Дамачоўскі" Таццяна Рыгораўна Мазур, з транспарантам і рознакаляровымі шарамі, як на першамайскую дэманстрацыю, высыпалі на вуліцы хлебаробы Тамашоўкі.
У Тамашоўцы картэж аўтамашын павярнуў рэзка ўправа, і "Чайка" спачатку праехала старэнькі будынак санаторыя, пасялковы універмаг, а потым выкаціла на роўную прасёлачную гравійку, абсаджаную акацыяй, і Пётр Клімук раптам улавіў, як з кожным імгненнем мацнеў грукат у грудзях: выразна, як на далоні, віднелася ўжо трохпавярховая школа-дзесяцігодка на самым ускрайку Камароўкі. Зірнуў налева і ўгледзеў шырокае заснежанае калгаснае поле, над самым Бугам - Лысую гару, а далей, з паўгадзіны хады, на высокім узгорку красаваў касцёл і бялелі дахі польскага мястэчка Владава.
З розных краявідаў у вочы траплялася самае адметнае, і то выпадкова: у бок Камароўкі бясконца спяшаліся людзі - святочна апранутыя, а гармонікамі і песнямі, і ўсе віталі героя космасу.
Зноў жа трапіў ён адразу не ў родную хату, а ў прасторную новую школу, у якой сабраліся, пэўна, і малыя, і старыя з усіх навакольных вёсак. З нейкім асаблівым хваляваннем Пётр Клімук пераступіў парог школы. Цеплыня і сардэчнасць гэтай сустрэчы расчулілі яго, бадай, найбольш. Яго віталі, яму гаварылі добрыя, шчырыя словы тыя, каго ён ведаў здаўна, і хто ведаў - з самага малку - яго, з тае пары, калі ён быў не Пятром Ільічом і нават не Пятром, а проста Марфіным хлопцам... Нейкая незвычайная любасць і замілаванне да гэтых людзей, да гэтай зямлі, дзе ён нарадзіўся і рос сярод іх, запаланіла яго, і на вочы накацілася цёплае, шчымлівае мроіва...
Камароўкі ён не забываў ніколі. Ці на зямлі быў, ці ў кабіне МіГа - думка яго часта вярталася туды, дзе нарадзіўся, вырас, адкуль яго павялі дарогі ў свет і дзе - гэта помнілася найперш - засталіся маці, сёстры, сваякі і суседзі.
Асаблівай шчымлівасцю вызначаліся гэтыя ўспаміны тады, калі, будучы ўжо ў атрадзе касманаўтаў, не адны суткі праводзіў у сурдакамеры. У абсалютнай цішыні. Пад ненадакучлівым наглядам тэлевока. У сурдакамеры ён даставаў блакнот і занатоўваў тыя свае згадкі-ўспаміны. Яны набягалі, званыя і нязваныя, на змену адным прыходзілі іншыя, і аловак паслухмяна бегаў па паперы ўслед за імі.
Зараз было іншае. Зараз Пётр Клімук не мог нават падаць кожнаму з аднавяскроўцаў руку: ля школы, на мітынг, іх сабралася не адна і не дзве сотні. А так хацелася перакінуцца словам-другім з аднакласнікамі Колем Гагалюком, Зосяй Наўрось, Данутай Ягляк, папытацца пра здароўе колішняга суседа Рамана Гараднічука.
І ўсё ж сустрэч, хаця і кароткіх - у дзве-тры мінуты, - не бракавала.
"Самаму дарагому чалавеку - любімай настаўніцы з найлепшымі пажаданнямі і вялікім дзякуй за цяжкую, але неабходную працу", - напісаў ён радкі на адваротным баку фотакарткі, адрасаваныя Марыі Якаўлеўне Красновай - той самай, якой рабіў прыборы па фізіцы і ўпершыню прызнаўся аб непазбежнасці касмічнага шчасця.
І калі Пётр Клімук зноў сеў з бацькамі і сваякамі ў машыну і насустрач выбеглі пасталелыя бярозы, ён не пытрымаў: завільжэлі вочы - нясцерпна хацелася прайсці пешака, зазірнуць у кожны падворак, бразнуць клямкай у суседзяў, але час быў размеркаваны, распісаны да мінуты, і трэба было падпарадкоўвацца яго няўмольна імкліваму бегу.
Першае, што кінулася ў вочы ля бацькоўскай хаты, - падворак. Не такі, як заўсёды, - чыста прыбраны і абгароджаны светла-жоўтымі, з пахам жывіцы, балескамі штыкетніка. Дзве лавачкі побач і танклявае дрэўца, пасаджанае нечай руплівай рукой, а яшчэ - чырвоны сцяг, які ледзь улоўна лапатаў на ветрыку.
Хата Пятру Клімуку паказалася цеснай і вузкай: ці мо ад таго, што ўздоўж сцен стаяла некалькі накрытых сталоў, а мо нават і таму, што пабачыў на свеце шмат шырокіх, без канца і краю даляглядаў, якія маглі ўмясціць мільёны во такіх хат-хацінак, дарагіх і блізкіх да скону сэрцу.
За сталом, засланым святочным абрусам, сабралася радня, суседзі. Першай падняла чарку маці. Яна ўстала з-за стала, правяла тыльным бокам далоні па вачах:
- Ой, Пеця, родненькі!.. Ой, ды што ж гэта я!..
Слёзы нагарнуліся на вочы, і яна, захваляваўшыся яшчэ болей,
паставіла чарку на стол, патупала ў спальню.
Праз хвіліну вярнулася, зноў падняла чарку, усміхнулася:
- Вы ўжо выбачце мне, старой. Ніколі за такое дзела не бралася, каб гаварыць пры чарцы. А от трэба... Як жа ты сказаў, Пецечка, што ў касманаўты цябе ўзялі, сэрца ва мне абарвалася. Некалькі начэй запар не спала. І як паляцеў, зноў лекацела ... Дзякуй людзям: памаглі адстукаць у неба тэлеграму. А я й не верыла! Як, думаю, тая паперка даляціць да майго Пецькі? Ажно і праўда. Увечары, акурат калі ты паказваў па тэлевізары сваю кабіну, здагадалася, што палучыў тэлеграму. Па ўсмешцы тваёй здагадалася. І сэрца на месца стала... А кабіна - як хатка! Што там можа здарыцца, думаю? От і абышлося. Дык цяпер, Пецечка, раз такое дзела, лятай - і слова не скажу. Гэта твая работа. Дык от і давайце за Пецеву работу і вып'ем... За яго Зорачку на грудзях...
- Дзякуй, мама! - сын прамовіў тыя словы ціха, а сам ўсё глядзеў на патрэсканыя мацерыны пальцы, што трымалі няўмела крохкую, з тонкага шкла чарку. У суседнім пакоі дзеці паставілі пласцінку. Ціхая мелодыя, звон чарак, застольная гамана радні нагадалі Пятру ягонае вяселле, калі маці, нясмелая, збянтэжаная, сядзела побач з касманаўтамі, моўчкі, крадком узіралася на Гагарына...
На вуліцы піпікнула, і, чутно, спынілася насупраць хаты машына. Дзмітрый Антонавіч здагадаўся: пад'ехалі кінааператары. Яны, чакаючы гэтай хвіліны - касманаўт у роднай хаце, - некалькі дзён здымалі ваколіцы Камароўкі. Дзмітрый Антонавіч зноў наліў чарку, падняўся:
- Зараз у хату зойдуць кіношнікі. Такая справа, што Пеця сёння наш і не наш... Я што хачу сказаць? Некалі цётка Марфа не магла сфатаграфавацца з дзядзькам Іллюком. А хацела мець картачку на памяць. Давялося завезці ў Брэст мех жыта і за той мех сфатаграфавацца. А сёння... А сёння во не толькі фатографы, а нават кіношнікі ў хату прыехалі! Але я пра іншае... Давайце падымем чаркі, пакуль не перашкодзілі, за наша жыццё, за нашу Радзіму вялікую, за яе заўсёдны рост і працвітанне. Бо будзе яна, дык будуць і дваццатыя, і саракавыя "Саюзы" ў космасе!
Нешта трэба было сказаць і яму, Пятру. Ён падняўся, акінуў позіркам хату, у якой нарадзіўся і падрастаў (для сябе са здзіўленнем і нечаканай радасцю адзначыў, што маці зняла з кута абраз), павёў вачыма па родных і блізкіх тварах:
- Мае дарагія... Што я сказаць магу? Дзякуй, мама! Дзякуй, тата! Дзякуй усім вам за лёс мой шчаслівы! Паверце, што без вас я ніколі не змог зрабіць таго, што зрабіў. Гэта вы - суседзі, усе нашы людзі акрылілі мяне, простага вясковага хлопца, надалі мне сілы і мужнасці прайсці доўгі і нялёгкі шлях ад роднай Камароўкі да Байканура. Дзякуй вам за ўсё...
Апошнія словы патанулі ў стракатанні кінакамеры.
(8 января 2011)  

 Добавление комментария:
 
Имя:
Пароль: (если зарегистрирован)
Email: (обязательно!)

теги форматирования

добавить смайлы
 
 
 
АСАБІСТАЕ
   
 
Copyright © 2007-2008 Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура  
БЕЛАРУСКАЯ ПЭЗІЯ БЕЛАРУСКАЯ ПРОЗА