Warning: Illegal string offset 'name' in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/core.php on line 148

Strict Standards: Declaration of AdsStaticFilter::showStatic() should be compatible with StaticFilter::showStatic($staticID, $SQLstatic, $tvars, $mode) in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/extras/ads/ads.php on line 22

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 82

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 154

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 517
Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура : Крытыка : Выхаванне чалавека
       

Навіны і дзеі

Пра нас

Нашы кнігі-2013

Нашы кнігі-2012

Нашы кнігі-2011

Нашы кнігі-2010

Нашы кнігі-2009

Нашы кнігі-2008

Нашы кнігі-2007 і ранейшыя

Проза

Паэзія

Публіцыстыка

Крытыка

Прэмія Калесніка

Лаўрэаты Прэміі

Конкурс юных аўтараў

Наш фотаальбом

 


 
НОВЫЯ КНІГІ
 

-- --




Выхаванне чалавека
Крытыка

Лада Алейнік, ("ЛіМ", 20 студзеня 2012 г.)

Рэцэнзія на аповесць Валерыя Гапеева "Трафік для паэта" .


Літаратура ведае нямала прыкладаў таго, як некаторыя пісьменнікі доўга і пакутна шукалі сваю тэму... Бывала, гэты працэс расцягваўся на гады і дзесяцігоддзі. Пра Валерыя Гапеева можна сказаць, што ён з кагорты тых шчасліўчыкаў, каму пашанцавала ўвайсці ў літаратуру з дакладным веданнем тэмы і бачаннем патэнцыйнай чытацкай аўдыторыі. Каб беспамылкова вызначыць творчы шлях, па-мойму, гэтаксама патрэбен талент. І не толькі... Вера ў сябе патрэбна, спецыфічная чуйнасць, аб’ектыўная ацэнка ўласных здольнасцей і магчымасцей. Праўда, паводле першай кніжкі (“Пастка на рыцара”, 2003) яшчэ немагчыма было зрабіць пэўны прагноз – ці будзе пісьменнік далей працягваць працу ў галіне падлеткавай прозы, ці адмовіцца ад выбранага шляху. Бо з той першай кніжкай, думаецца, ён не толькі атрымаў грунтоўны творчы вопыт, але і пераканаўся, што ў гэтай парафіі будзе надзвычай няпроста...Безумоўна, галоўная адказнасць тут – перад чытачамі. Яны першыя заўважаць, калі пісьменнік дазволіць сабе адхіліцца ад “праўды жыцця”, і тут жа скажуць, што так сучасныя школьнікі не гавораць ці гэтак не робяць. Яны не пагодзяцца, калі ў літаратурным творы іх узаемаадносіны будуць выглядаць прыхарошана-лакіраванымі альбо проста штучнымі. Яны захочуць паказу рэальных праблем, з якімі сутыкаюцца... Дый нейкай, хаця б мала-мальскай дапамогі ў вырашэнні гэтых праблем гэтаксама захочуць – добрай парады, яркага прыкладу, элементарнай падказкі ў рэшце рэшт. Ну, а пра тое, што кніжка, апроч усяго, павінна быць цікавай, увогуле можна не казаць. І гэта – толькі з аднаго боку.

А з другога – пільныя пурысты, якія тут жа зрэагуюць, калі аўтар дазволіць сабе выкарыстаць моладзевы слэнг ці, тым больш, жаргонную лексіку... Крытыкі, педагогі і бацькі, якія дбайна вартуюць маральную цноту юнага чытача... Паспрабуй, пісьменнік, закрані вострую праблему і сам тады праблем не абярэшся. Бо на тэмах інтымнага жыцця, заганных звычак і непрыстойных паводзінаў у нас па-ранейшаму табу, быццам негалосная змова аб іх ігнараванні...

Наколькі мне вядома, Валерыю Гапееву давялося сутыкнуцца з рознымі рэакцыямі на свае творы. Вядома, кола ўдзячных чытачоў вельмі вялікае… Але ж знаходзяцца псеўдамаралісты, якія здольны адшукаць крамолу ў самых бяскрыўдных рэчах. І таму кожны новы твор пісьменніка мяне асабіста вельмі радуе. Бо нягледзячы ні на што, Валерый Гапееў не страчвае творчага імпэту. Бо актуалізуе ў сваіх творах насамрэч важныя праблемы – тыя, якія доўгі час замоўчваліся ў нашай літаратуры. Бо проста добра піша – удумліва, цікава, эмацыйна...

Нядаўна часопіс “Маладосць” (2011, № 10) надрукаваў новую аповесць Валерыя Гапеева – “Трафік для паэта”. Гэтая аповесць сталася своеасаблівым працягам трох папярэдніх твораў пісьменніка, якія ўвайшлі ў кнігу “Урокі першага кахання” (2010). Па вялікім рахунку, атрымалася ёмістая тэтралогія, кожная частка якой – абсалютна самастойная паводле сюжэтных перыпетый, праблематыкі і ключавога канфлікту, але ўсе аповесці аб’яднаны і часам, і прасторай, і колам персанажаў, большасць з якіх з’яўляюцца аднакласнікамі.

У пачатку аповесці “Трафік для паэта” аўтар змяшчае невялікі слоўнічак, дзе прыводзіць “тлумачэнні некаторых тэрмінаў”. Няма сумневу, што гэта цалкам мэтагодна. Думаецца, далёка не ўсім чытачам вядома лексіка, якой карыстаюцца прафесійныя праграмісты ці проста абазнаныя Інтэрнет-карыстальнікі. “Банер”, “адалт”, “хостынг”, “кіпер”, “скрыпт”... Для кагосьці гэтыя словы цалкам зразумелыя, і такі чытач можа іх проста праігнараваць (альбо наадварот зацікавіцца, адчуўшы сваю “тэму”), а для іншага, менш дасведчанага, тлумачэнні зробяцца істотнай дапамогай у разуменні пэўных эпізодаў сюжэта.

Дарэчы, гэты “мастацка-метадычны” прыём Валерыя Гапеева ўжо праходзіў своеасаблівую апрабацыю. Аповесць “Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” пачыналася таксама слоўнічкам, дзе прыводзіліся тлумачэнні “для бацькоў, настаўнікаў ды іншых дарослых”. Паводле водзываў чытачоў, тлумачэнні аўтара ім вельмі прыдаліся, хаця тым разам у слоўнічку былі прыведены тэрміны больш простыя ці, дакладней сказаць, больш распаўсюджаныя – “юзар”, “смайл”, “флэшка”, “аператыўка”, “спам” і інш. А калі яшчэ дакладней, то распаўсюджанымі і звыклымі яны зрабіліся зараз. А на той час, калі твор быў упершыню надрукаваны (“Полымя”, 2008, № 5), далёка не ўсе чытачы мелі адпаведны досвед. Цалкам натуральна, што ў новай аповесці, дзе і школьнікі пасталелі, і ключавая задача, якую даводіцца вырашаць галоўнаму герою, ускладнілася, сюжэт запатрабаваў адпаведных тэрміналагічных каментароў.

Першы раздзел, які выконвае ў аповесці ролю своеасаблівага пралога, адразу ж акрэслівае ключавую праблему: вучань выпускнога класа Віктар піша вершы і марыць выдаць кніжку. “Кніжка, кніжка… Віктар да дробязяў уяўляў яе: светла-шэрая вокладка, малюнак чорным алоўкам іх школы – такі чарнавы, смелы накід. <...> Уверсе прысвячэнне: «Маім аднакласнікам. Маім настаўнікам. Маёй школе»”. Але для рэалізацыі яго мары патрэбны грошы – 600 долараў. Для сям’і Віктара гэта немалыя грошы, яго бацькі не могуць дазволіць сабе такой раскошы... Герою прыходзіцца самастойна рупіцца аб вырашэнні фінансавай праблемы.

Вядома, магчымасці для заробку ў вучня даволі абмежаваныя. “На працу ўладкавацца на лета не атрымаецца – у горадзе і так скарачэнні. Ездзіць некуды ў падсобную гаспадарку на часовыя работы – буракі палоць ці яшчэ якую трасцу – тое не выйсце. Спрабавалі ў мінулым годзе хлопцы. Што зараблялі, тое па вечарах ішло на піва”. І вось, выбраўшыся з кампаніяй аднакласнікаў на адпачынак за горад, хлопец не ўтрымліваецца, каб не падзяліцца з імі сваёй праблемай. І нечакана атрымлівае добрую параду ад сябра – таго самага Лёшкі, які знаёмы чытачам па аповесці “Лёшкава каханне...”. Гэты герой, добра абазнаны ў Інтэрнет-рэсурсах, тлумачыць Віктару, якім чынам можна зарабляць грошы ў Сеціве.

Даходліва і скрупулёзна пісьменнік дэманструе, як Віктар адкрывае для сябе фактычна новы свет – спасцігае і засвойвае інфармацыю пра стварэнне сайта, разбіраецца ў незнаёмай тэрміналогіі, робіць першыя спробы практычнага ўвасаблення ведаў. Старонкі, дзе адлюстраваны працэс спасціжэння героем “Інтэрнет-граматы”, пераконваюць у верагоднасці матэрыялу, у добрым веданні аўтарам тэхналогій, пра якія ідзе гаворка. Дарэчы, менавіта гэтыя старонкі, насычаныя спецыяльнымі тэрмінамі, змусяць шмат каго з чытачоў заглянуць у памянёны вышэй “тлумачальны слоўнічак”. Так, Валерый Гапееў тут вельмі дэталёва і падрабязна адлюстроўвае “тэхнічны” бок працэсу. Але пачуццё меры мастака не падводзіць. Захоўваючы кампазіцыйную паслядоўнасць, аўтар пазбягае залішняй замаруджанасці дзеяння і не толькі не губляецца ў другарадным матэрыяле, але нават выкладае яго з метадычным досціпам. На мой погляд, інфармацыя, якую ўтрымлівае мастацкі твор, здольна прынесці чытачам практычную карысць, пашырыць веды адносна пэўных камп’ютэрных магчымасцей.

Натуральна і дакладна аўтар адлюстроўвае, з якімі праблемамі сутыкаецца юны герой, які намысліў зарабляць грошы ў Інтэрнеце. Справа не толькі ў грунтоўным досведзе. Патрэбна “ідэя”, сутнасць якой Лёшка абмалёўвае яму наступным чынам: “...Каб зарабіць сваім сайтам у Інтэрнэце, трэба праца. І грошы. <...> Ці – неверагодная ідэя. Новая! Смелая! <...> Ідэя, якая не рэалізаваная. Вось, напрыклад, ідэя «Аднакласнікаў». Самы папулярны рэсурс, як і «Ў кантакце». Сацыяльныя сеткі. Іх не было – яны з’явіліся і маюць грошы. <...> Карацей, нешта трэба такое, чаго няма. Крэатыў”.

Эўрыстычнае азарэнне, як гэта найчасцей і бывае ў жыцці, прыходзіць да Віктара зусім выпадкова – калі з балкона ўласнай кватэры ён фатаграфаваў праз тэлескоп зорнае неба. Ненаўмысна перавёўшы аб’ектыў на акно суседняга дома, хлопец заўважае маладую сямейную пару: “Віктар адарваўся ад акуляра. Было крыху сорамна. Ён падглядваў за чужым шчасцем. Там, далёка, было сапраўднае шчасце – вось, сям’я пабудавала кватэру, цяпер яны самі, з такім задавальненнем, такія радасныя, у такім сугуччы душ клеяць выбраныя імі самімі шпалеры… І не ведаюць, што за іх шчасцем толькі што назіраў нехта збоку. Такі кароткі эпізод – вось гэтыя колькі хвілін – і іншы паглядзеў бы з цікавасцю…” Віктара працінае імгненная думка: “Гэта ж цікава! Гэта ж ідэя!” Рашэнне знойдзена – на сайце ён будзе размяшчаць відэаролікі “падгляданняў” за рознымі людзьмі.

Асаблівай дынамікі сюжэтныя падзеі дасягаюць, калі Віктар пачынае рэалізацыю сваёй ідэі. Раздзелы, прысвечаныя “цікаванням” хлопца, набываюць прыгодніцкую інтрыгоўнасць, яны прасякнуты духам авантурызму, адчуваннем небяспекі, рызыкі. Бо некаторыя эпізоды, што трапляюць у поле зроку Віктара, насамрэч крамольныя. Хлопцу даводзіцца вытрымліваць сапраўдную канспірацыю, каб не быць знянацку выкрытым ні бацькамі, ні сябрамі, ні самімі героямі яго відэаролікаў.

У мэтах выяўлення ўнутранага стану персанажа, пісьменнік часта змяняе апавядальны рытм – з эпічна-запаволенай манеры пераходзіць на нервовую, запытальна-рытарычную, спавядальную... З выключнай псіхалагічнай дакладнасцю Валерый Гапееў адлюстроўвае супярэчлівыя перажыванні героя – згрозоты сумлення і трыумф ад поспеху, сумневы і іх пераадоленне. Логіка ўчынкаў і пачуццяў героя звязваецца аўтарам з канкрэтнымі фактамі, і менавіта канкрэтыка надзяляе падзеі жыццёвасцю, рэалістычнасцю. Так, Віктар разумее, што яго занятак – па-за межамі этыкі і маралі. Калі сказаць наўпрост – непрыстойны. Але варта яму зафіксаваць на плёнку, як мажны дзядзька “начальніцкага выгляду” фактычна гвалціць на пляжы юную дзяўчыну, стаўленне да сваёй дзейнасці хлопец змяняе на кардынальна супрацьлеглае. “Віктар адчуў сябе таямнічай сілай, сілай справядлівасці, абаронцам пакрыўджаных”. Бо вядома, калі падобнае відэа з’явіцца ў Інтэрнеце, гвалтаўніку давядзецца трымаць адказ.

Маральная эвалюцыя героя выяўляецца ў аповесці канцэптуальна і шматгранна. Стыхія матэрыялу не выйшла з-пад улады пісьменніка, ён пільна і рацыянальна паставіўся да адбору фактаў – не выпусціў з поля зроку ні сямейна-бытавыя абставіны жыцця юнака, ні яго сяброўскія стасункі, ні эмацыйна-псіхалагічны свет. Валерый Гапееў дэманструе цэлы шэраг узаемазвязаных падзей і вострых уражанняў, якія перажывае яго герой. Гэта грамадскі рэзананс, выкліканы відэаролікамі, і збянтэжанасць хлопца такой вострай рэакцыяй жыхароў гарадка, гэта змушаная хлусня бацькам і страх перад выкрыццём, гэта прыкрасць ад усведамлення ўласнай маладушнасці, калі мог выратаваць дзяўчыну ад рабаўнікоў, але не зрабіў гэтага…

Філасофскі падыход да асэнсавання з’яў сучаснасці, заглыбленасць у сутнасць характару персанажа і майстэрства псіхалагічнага аналізу дазволілі пісьменніку праўдзіва і абгрунтавана паказаць канчатковы выбар героя. Фінал твора абумоўлены ўсёй папярэдняй логікай развіцця падзей. Шантажаванне, з якім, у рэшце рэшт, сутыкаецца герой аповесці, не з’яўляецца асноўнай прычынай яго грандыёзнага ўнутранага пратэсту. Гэтае шантажаванне, хутчэй, зрабілася апошняй кропляй, з-за якой эмоцыі маладога чалавека дасягнулі крытычнай мяжы. Няма сумневу, што да свайго рашэння Віктар прыйшоў яшчэ раней – свядома і асэнсавана, яго выбар – не выпадковы, ён натуральны, заканамерны і нават чаканы.

У аповесці вельмі ўдала расстаўлены маральна-этычныя акцэнты. Відавочнай робіцца вызначальная роля сям’і ў фарміраванні ўнутранага свету асобы. Менавіта тыя каштоўнасці, якія культывуюцца ў сям’і, з’яўляюцца для Віктара прыярытэтным арыенцірам у складанай жыццёвай сітуацыі. Адмыслова разгледжана ў творы праблема “мэты і сродкаў”, у абмалёўцы якой аўтар прыходзіць да пераканаўчай высновы: грошы не прынясуць жаданага задавальнення, калі дзеля іх ты змушаны манкіраваць этыкай альбо ісці на кампраміс з уласным сумленнем.

Выхаваць чалавека ў самім сабе, зразумець, што жыццё – надзвычай адказная штука, – такі, на мой погляд, асноўны пафас аповесці Валерыя Гапеева.
(23 января 2012)  

 Добавление комментария:
 
Имя:
Пароль: (если зарегистрирован)
Email: (обязательно!)

теги форматирования

добавить смайлы
 
 
 
АСАБІСТАЕ
   
 
Copyright © 2007-2008 Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура  
БЕЛАРУСКАЯ ПЭЗІЯ БЕЛАРУСКАЯ ПРОЗА