Warning: Illegal string offset 'name' in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/core.php on line 148

Strict Standards: Declaration of AdsStaticFilter::showStatic() should be compatible with StaticFilter::showStatic($staticID, $SQLstatic, $tvars, $mode) in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/extras/ads/ads.php on line 22

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 82

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 154

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 517
Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура : Крытыка : Віртуальная рэчаіснасць, альбо Чаканая кніга
       

Навіны і дзеі

Пра нас

Нашы кнігі-2013

Нашы кнігі-2012

Нашы кнігі-2011

Нашы кнігі-2010

Нашы кнігі-2009

Нашы кнігі-2008

Нашы кнігі-2007 і ранейшыя

Проза

Паэзія

Публіцыстыка

Крытыка

Прэмія Калесніка

Лаўрэаты Прэміі

Конкурс юных аўтараў

Наш фотаальбом

 


 
НОВЫЯ КНІГІ
 

-- --




Віртуальная рэчаіснасць, альбо Чаканая кніга
Крытыка

Ася Паплаўская, "Літаратурная Беларусь" (студзень, 2011)

Рэцэнзія на кнігу Валерыя Гапеева "Урокі першага кахання"

Я была б шчыра ўдзячная пісьменніку Валерыю Гапееву, каб ягоная кніга “Урокі першага кахання” выйшла гадоў сем таму. Тады я вучылася ў школе і спасцігала тыя інтэрнэт-тэхналогіі, пра якія досыць падрабязна, кампетэнтна (а галоўнае – зразумела і для школьнікаў, і для дарослых) піша ў сваіх апавяданнях аўтар. Аська (праграма ICQ) ды рознага кшталту форумы (у тым ліку, і гарадскія) тады былі акурат актуальнымі, імі актыўна карысталіся ўсе мае равеснікі. Што да сённяшніх маладзёнаў, то ў іх ужо іншыя пляцоўкі ды праграмы для стасункаў: skype, facebook, Вконтакте, блогі…

Я была б удзячная Валерыю Гапееву не столькі за тое, што ён падрабязна апісаў шляхі і тэхналогіі зносінаў у інтэрнэце, нават падказаў, як можна зарабіць у Сеціве, колькі за тое, што сапрыўды цікавая, сучасная кніга пра і для падлеткаў, якая глыбока разглядае іх псіхалагічныя праблемы, звязаныя з пераходным узростам, напісаная беларусам і па-беларуску! Магчыма, я б зацікавілася сучаснай беларускай літаратурай яшчэ ў школе…
Кніга Валерыя Гапеева “Урокі першага кахання” – не збор парадаў аб тым, як, з кім і дзе лепей заняцца першым каханнем. Кніга ўтрымлівае тры аповесці пра падлеткаў-аднакласнікаў (спачатку дзея адбываецца ў 10 класе, пасля – у 11), якія расчароўваюцца ў дарослых і адно ў адным, знаходзяць сапраўднае сяброўства, пазбаўляюцца ад комплексаў, зарабляюць першыя грошы, спасцігаюць першыя ўрокі кахання… Адным словам – сталеюць.

У цэнтры кожнай з аповесцяў ярка акрэсленая псіхалагічная праблема сталення, з якой вынікае шэраг цяжкаcцяў, праз якія праходзяць школьнікі.

У аповесці “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання” падлеткі судзяць дарослых за тое, што яны не давяраюць сваім дзецям, гатовыя забыцца на ўсе добрае, што ёсць у іх, пачуўшы, што іх сын альбо дачка ў лесе з прэзерватывам: “…дастаткова толькі даведацца бацькам аб дзвюх рэчах, як мы, хвіліну назад разумныя і добрыя, ператварыліся ў разбэшчаных растпутнікаў”. Гэта зразумелая пазіцыя пакрыўджаных на дарослых школьнікаў, якія і думаць не думалі займацца чымсці непрыстойным. Пазіцыя бацькоў не менш зразумелая нам: “Мы не таму на вас крычым, што думаем пра вас дрэнна. Нам проста страшна ад уяўлення, што тое дрэннае можа з вамі здарыцца”.

Спрадвечная праблема, з якой сутыкаюцца дзеці: дарослыя быццам забываюцца, якімі былі самі ў маладыя гады. Многія бацькі яшчэ не тое рабілі, калі былі 16-гадовымі. Затое сваім дзецям спуску не даюць. Вельмі грунтоўна выказалася класны кіранік Вольга Фёдараўна: “…Калі мне было шаснаццаць, быў і ў мяне такі выпадак. Пачула я ад маці далёка не самыя прыгожыя словы пра сябе. Без прычыны. Без падстаў. І так я абурылася… Як і вы сёння. І вось у мяне сёння дачушка дзесяцігадовая. Цяпер я разумею сваю маці… І я прабачыла ёй цалкам тую сваю крыўду”. Ці ня слушныя словы? Немагчыма зразумець матывацыі дзеянняў іншага чалавека, нават самага блізкага, пакуль не апынешся на ягоным месцы.

Яшчэ адна заўжды актуальная праблема, акрэсленая Валерыем Гапеевым: чаму маладое пакаленне абвінавачваюць у разбэшчанасці тыя, хто выпускае прадукцыю, што прапагандуе шкодныя звычкі, гвалт, парнаграфію? “Дык чаму нас абвінавачваюць у тым, што мы глядзім, гуляем, чуем? Можа, нам аслепнуць, аглухнуць і насы пазаклейваць?” – слушна абураецца 10-класнік Сяргей. Спрэчкі такога кшталту – вечныя. Яны будуць актуальныя, пакуль будуць запатрабаваныя прадукты масавага спажывання для “разгрузкі” мазгоў, якія часта нічым асабліва і не абцяжараныя...

У аповесці “Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” пісьменнік, акрамя асаблівасцяў стасавання ў інтэрнэце, на прыкладзе 10-класніка Лёшкі паказвае мэтанакіраваную моладзь, якая замест бясконцых гулянак-бадзянняў з сябрамі зарабляе грошы. Лёша праграмуе. Хлопец настолькі пагрузіўся ў віртуал, што развучыўся нармальна стасавацца з жывымі людзьмі.

Аднакласнік Юрыс вырашае “дапамагчы” сябру: ён рэгіструецца на форуме пад нікам Ксенка і просіць у Лёшкі парады па заробку ў Сеціве. “Ну вось, добрае зрабіў. Зазірне Лёшка – яму будзе прыемна, што запыталіся на поўным сур’ёзе, ды і дапамагчы некаму хоць словам прыемна… А там, глядзіш, прывыкне да размоў з дзяўчатамі. То можна будзе перайначыць хлопца!” – вырашае Юрыс. Як тое звычайна бывае, Лёшка ў тую віртуальную Ксенку закахаўся… Прызнанню сябра, што няма ніякае Ксенкі, што яна – гэта ён, Юрыс, хлопец ня верыць, яму цяжка аддзяліць віртуальнае ад сапраўднага, жывога.

Аповесць “Першы боль, або Доказ закона прыгажосці” – пра сталеючых Кацярыну ды Юрыя, якім хочацца спазнаць першую блізкасць. Кацярына, як і герой аповесці “Лёшкава каханне”, зарабляе грошы. Калі Лёша праграмуе, то Каця вырошчвае гародніну на продаж. Праўда, мне штось не верыцца, што на гурках ды памідорах можна зарабіць, каб з ног да галавы апрануць матулю, якая з жаніхом з’язджае на мора, ды шчэ з сабой грошай даць… Кацярына ведае, чаго яна хоча дасягнуць у жыцці: стаць паспяхова жанчынай, каб быць годнай Яго, Юрыя.

Юрый – сын забяспечаных бацькоў, начынаты не па гадах юнак, якому нецікава са сваімі аднагодкамі: сам сябе ён лічыць вышэйшым за іх па разумовым развіцці. “Недзе з гадоў 13 бацькі, лічы, цалкам сталі давяраць Юрыю – у яго на той узрост ужо ўпэўнена выбіваліся наперад галоўныя рысы яго характару: самастойнасць і адказнасць”. Адно турбуе Юру: яму 17, а ён нават не цалаваўся…

Зноўку Валерый Гапееў скарыстоўвае прыёма маскі, што так распаўсюджаны ў Сеціве: Кацярына рэгіструецца на форуме пад нікам Менеджар ды распачынае дёрзкую гульню: яна хоча даказаць Юрыю, што вартае яго. Атрымалася. Даказала. Адначасова лёс зводзіць Юры з жывой Кацярынай, якая даглядае за ім, пакуль той хварэе (бацькі з’ехалі на працу ў Эміраты). Кацярына спадабалася Юрыю. Паміж імі адбываецца першая блізкасць. І тут у хлопцы ўключаецца халодны разлік: “Хто яна? Звычайны чалавек, яе лёс – дёс яе маці. Ёй ніколі не выбіцца з нястачы, яна застанецца ў то шэрай масе, якая завецца народам” (думае Юры пра Кацярыну); “Вось у той будучыня будзе іншай. Бач, яна ўжо цяпер бачыць сябе менеджарам” (Пра Менеджара). Да таго ж, Кацярыну ён ужо спазнаў, а вось Менеджар застаецца загадкай. Цікава разгадаць, праўда?.. Знаёмая нам псіхалогія мужчыны-паляўнічага.

Фінал нярадасны: Кацярына ўжо сабралася раскрыцца, як атрымлівае ад Юрыя СМС цынічна-халоднага змесціва: “Каця, мы – дарослыя людзі, мы атрымалі цудоўны ўрок… На гэтым кропка… Ніякіх наступстваў. Калі што – не ўмешвай мяне”. Як на мяне, дык вельмі жыццёва. Мы мусім прайсці праз шэраг страт і расчараванняў, каб навучыцца больш абачліва ставіцца да людзей, нам неабходна часам пачувацца адзінокімі і ўсімі пакінутымі, каб ня думаць, што мы – пупы сусвету і цаніць тых, хто побач, неабходна занурыцца ў віртуал, каб больш цаніць і берагчы жыццё рэальнае. Адным словам – каб пасталець.

Героі аповесцяў Валерыя Гапеева падаюцца занадта ідэальнымі: яны працуюць з 10 класа, яны начытаныя і адукаваныя, яны ведаюць, чым хочуць займацца і кім хочуць стаць. Дасціпныя, вострыя на язык, сябе ў крыўду не дадауць і за сябра пры выпадку пастаяць. Вельмі хацелася б, каб такімі былі нашыя школьнікі. Тады – глядзіш – і зажылі б па-іншаму…

Я абавязкова дам прачытаць гэту кнігу маім будучым дзецям. І зусім неістотна, што да таго часу гістарычны кантэкст стане неактуальным. Валерый Гапееў таленавіта і поўна раскрыў падлеткавыя праблемы, праз якія прайшлі мы, з якімі сутыкнуцца нашыя дзеці. Пісьменнік нязмушана, простай мовай, без дыдактычных нотак паказаў псіхалогію як дарослых, так і школьнікаў.

(24 декабря 2011)  

 Добавление комментария:
 
Имя:
Пароль: (если зарегистрирован)
Email: (обязательно!)

теги форматирования

добавить смайлы
 
 
 
АСАБІСТАЕ
   
 
Copyright © 2007-2008 Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура  
БЕЛАРУСКАЯ ПЭЗІЯ БЕЛАРУСКАЯ ПРОЗА