Warning: Illegal string offset 'name' in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/core.php on line 148

Strict Standards: Declaration of AdsStaticFilter::showStatic() should be compatible with StaticFilter::showStatic($staticID, $SQLstatic, $tvars, $mode) in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/extras/ads/ads.php on line 22

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 82

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 154

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/spb/data/www/spb.brest.by/2z/includes/news.php on line 517
Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура : Крытыка : Слова з водарам лесу
       

Навіны і дзеі

Пра нас

Нашы кнігі-2013

Нашы кнігі-2012

Нашы кнігі-2011

Нашы кнігі-2010

Нашы кнігі-2009

Нашы кнігі-2008

Нашы кнігі-2007 і ранейшыя

Проза

Паэзія

Публіцыстыка

Крытыка

Прэмія Калесніка

Лаўрэаты Прэміі

Конкурс юных аўтараў

Наш фотаальбом

 


 
НОВЫЯ КНІГІ
 

-- --




Слова з водарам лесу
Крытыка

Ірына САЛОМКА

Ад наплыву пачуццяў хацелася абняць высокае неба, якое, шырока распасцёршы цёмна-сіняе крыло з ружовымі пёркамі зорак, застыла над бязмежным Сусветам, закалыханае спакоем заспана-млявай ночы. У безаблічнай цішыні няясна праступалі нерухомыя сілуэты будынкаў, прыдарожных прысадаў…
Усё – як намаляванае. Ад няўлоўнага руху пад нагамі жаласліва войкнула скурчаная ад начнога марозцу трава, нечаканым гукам парушыўшы зачараванне. Але радасць па-ранейшаму пульсавала ў сэрцы…
Падарыла гэтую радасць неспадзяваная сустрэча, якою блаславіў мяне лёс. Гэта была сустрэча са Словам.
Ім, шчодра прапахлым водарам лесу, прагна ўпівалася душа, і, як крынічнай вадой у летнюю спякоту, ніяк не магла наталіцца.
Жыватворнае Слова ўвасобілася ў аповесць “Гарэза”, якая выйшла напрыканцы мінулага года асобнай кнігай у выдавецтве “Літаратура і Мастацтва”. Аўтарам твора з’яўляецца наш зямляк, жыхар Іванаўшчыны, Васіль Пятровіч Жушма.

“…Крыху далей, за кустамі-купамі ляшчыны, на ледзь прыкметным пагорачку, раскрыліся бліскучыя далоні-парасткі ландышаў. Стромкімі антэнкамі падняліся ў іх абдымках срэбныя званочкі-кветачкі. А яшчэ далей, у вечна шумлівым бары, ціха і велічна тлелі цяпельцы сон-травы. Сосны тут стаялі воддаль адна ад другой, і на дол ліліся залацістыя патокі сонечнага святла… Суседнюю высечку, здавалася, ахутаў зялёны туман. Так радасна, невыносна ярка і дружна распусціліся тут клейкія лісточкі маладога бярэзніку…” Пагадзіцеся, толькі таленавіты мастак можа так жывапісаць словам. Тонкая назіральнасць, чуйнае бачанне няўлоўных прыродных зрухаў, уменне перадаць усё гэта трапнай, дакладнай мастацкай дэталлю нараджаюць асацыяцыю-вобразнасць. І здаецца: стаіш у гэты час пасярод вясновай раскошы, ахутаны “зялёным туманам”, удыхаеш кветкавы водар, і толькі працягні руку – далонь далікатна пацалуе “цяпельца сон-травы”. Пасля прачытання гэтых (дый іншых) радкоў – амаль фізічнае калярова-зрокава-водарнае адчуванне вясны.
Аўтару ўдаецца дасканала праўдзіва перадаць асобную непаўторную драбніцу прыроды, не парушаючы пры гэтым трывалай лучнасці разнастайных праяў.

У адным вымярэнні суіснуюць-пераплятаюцца раслінны і жывёльны свет: “…з самага ранку Рыжуха хвалявалася, амаль не выглядала з дупла. У яе сэрцы нарастала нейкая шчымлівая трывога. Будзіла той непакой новае жыццё, якое сёння Рыжуха адчувала ў сабе асабліва востра. Яно ўсё больш уладарна штурхала яе пад сэрца, імкнулася на волю, быццам будучы лісточак з пупышкі на галінцы дрэва…” Вобразнае параўнанне яшчэ выразней падкрэслівае спрадвечную знітаванасць прыродных з’яў.
А як псіхалагічна выверана перадае аўтар стан жывёліны, што рыхтуецца прывесці ў свет новае жыццё!
Прырода ўспрымаецца як жывая істота, пісьменнік шчодра надзяліў яе здольнасцю радавацца, засмучацца, суперажываць.

“Полымя нізкага сонца ахапіла аблокі, заліло пунсовымі фарбамі перапоўненае вадою суседняе балотца. Прыбавіла радасці і ў без таго святочны бор. Прырода па-свойму, святам колераў і суладдзем птушынага гоману, адзначыла паяўленне ў цеснаватым цёплым дупле пяцёркі маленькіх вавёрачак.” Так пачынаецца гісторыя Гарэзы, няўрымслівай і дапытлівай вавёрачкі, праз перыпетыі лёсу якой паказваецца неверагодна цікавае і разнастайнае жыццё палескага лесу. Які ж ён, аказваецца, багаты сваім жывёльным і раслінным светам! Усім сваім творам пісьменнік сцвярджае думку, што і тоненькая галінка, і непрыкметны павучок вартыя ўвагі, бо хаваюць у сабе вялікую таямніцу.
Аўтар умела карыстаецца прыёмам адухаўлення. А галоўнага персанажа – Гарэзу – ачалавечвае, тым самым яшчэ больш набліжаючы чытача да літаратурнага героя, дазваляючы заглыбіцца ў яго ўражлівую душу.

Але, нягледзячы на гэта, аповесць зусім не падобная на заспакоена-надуманую казку, чытаючы якую, загадзя ведаеш: не парушаючы спецыфікі жанру, наступіць шчаслівы фінал. Вось-вось, здаецца, пачынаеш крыху заспакойвацца, закалыханы саладкавата-прывабнай жыццёвай плынню, як нечакана “выстрэльвае” бяда. Альбо яна ж “выспявае” няясным, ледзь улоўным неспакоем няспешна, паступова, як гаркавае зернейка ў арэхавай шкарлупіне. Прыходзіць разуменне, што не ў чароўна-казачнай рэчаіснасці жывуць героі кнігі, а ў самым сапраўдным рэальным свеце, дзе ўсё падпарадкавана спрадвечным законам матухны-прыроды з неадольнай прагай жыцця і дзе “месца пад сонцам” дастаецца мацнейшым.

Час, на працягу якога доўжыцца дзеянне кнігі, - амаль два гады: ад моманту нараджэння Гарэзы да часу яе сталення (па вавёрчыных мерках). Сведкам самых розных неспадзяваных сустрэч стане чытач, самымі незвычайнымі адкрыццямі ўзбагаціць душу, вандруючы па старонках кнігі, нібы па неспазнаных лясных сцяжынках. Перад ім ва ўсёй непаўторнасці маляўніча і няспешна праплывуць усе поры года.
Вельмі ўдалым аўтарскім прыёмам, на мой погляд, з’яўляецца тое, што свет прыроды не абмежаваны лесам: за ляснымі ўладаннямі таксама існуе свет. Межавыя рамкі расхінаюцца, ствараецца адчуванне бясконцасці Сусвету і жыцця.

Вобразы людзей таксама паказаны без прытарнай “прыхарошанасці”: ёсць між іх добрыя і злыя. І зноў жа, як мне падаецца, рэалістычна-праўдзіва, нязмушана аўтар падводзіць чытача да высновы, што ў свеце ўсё ж больш добрых, спагадлівых людзей, бо менавіта на гэтым трымаецца свет зямны. Дарэчы, і Гарэза шчодра надзелена аўтарам станоўчымі якасцямі.
Унутраны свет герояў раскрываецца шляхам пранікнення ў самыя няўлоўныя зрухі душы, даследуючы іх. Хіба толькі мужчына ў момант развітання з Гарэзай паводзіць сябе крышачку ненатуральна, залішне сентыментальна, яго “няпрошаная слязіна” і голас “з надрывам” падаліся мне некалькі штучнымі (не прэтэндую на слушнасць крытычнай заўвагі, магчыма, памыляюся). Разам з тым, лічу, надзвычай праўдзіва раскрыў пісьменнік душэўны стан вавёрачкі. Яна не кінулася безаглядна ў родны лес, якім трызніла столькі начэй, і не ўпала ў няўцешны сум з нагоды расстання са сваімі выратавальнікамі, а…

“Спачатку Гарэза сядзела, бы ў здранцвенні. Затым пабегла, але марудна, вяла. Млявасць расплылася па ўсім яе целе. Ці ад развітання з людзьмі, што так добра адносіліся да яе, лекавалі, кармілі, ці ад свежага ветру і волі…” І толькі пасля таго, як прамінулі хвілі здранцвення, да Гарэзы канчаткова прыходзіць усведамленне, што яна вольная (“воля ахапіла ўсю яе істоту і панесла ў глыбіню лесу на крылах неабсяжнага шчасця…”).

Аўтар напрыканцы расповеду не ставіць фінішную кропку: замест яе таямніча-загадкава раскашуе шматкроп’е. Не думаю, што знак гэты – выпадковы. Мы зноў-такі маем справу з добра прадуманым аўтарскім прыёмам, які сімвалізуе невычэрпнасць, бясконцасць жыцця, а магчыма, гэта спакуслівае абяцанне працягу твора.
Звяртаю ўвагу на назву твора. Гарэза – не проста мянушка вавёрачкі, не толькі праяўленне знешняй няўрымслівасці паводзін, гэта яшчэ і ўнутраная неўтаймаванасць, вясёласць тэмпераменту, якая часам мяжуе з легкадумнасцю.

Аповесць можа быць аднолькава цікавай як дарослым, так і дзецям. Яна, на мой погляд, вартая таго, каб заняць годнае месца ў школьных хрэстаматыях. Тым больш, яе зручна было б чытаць падлеткам, паколькі яна сюжэтна падзелена на асобныя часткі-апавяданні, праілюстравана малюнкамі, аўтарам якіх з’яўляецца мастачка Дана Рунова. Але нават не гэта галоўнае. Твор здольны дапамагчы вучням разабрацца ў стасунках прыроды і чалавека, вылучаючы з гэтага ўрокі дабрыні, стаць цудоўным узорам эстэтычнага ўспрыняцця навакольнага свету.

(23 января 2012)  

 Добавление комментария:
 
Имя:
Пароль: (если зарегистрирован)
Email: (обязательно!)

теги форматирования

добавить смайлы
 
 
 
АСАБІСТАЕ
   
 
Copyright © 2007-2008 Саюз пісьменнікаў Беларусі | Брэсцкае аддзяленне |Сучасная беларуская літаратура  
БЕЛАРУСКАЯ ПЭЗІЯ БЕЛАРУСКАЯ ПРОЗА